Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/368

Гэта старонка не была вычытаная

за прароцтва аб тым, што са мной было, бо ніхто не можа гэтага ведаць лепш за мяне. Плаціць за тое, што я сам ведаю, было-б вялікім глупствам. Але малпа ведае і цяперашняе, з гэтай прычыны вось мае два рэалы, і скажыце мне, сен’ёра малпачка, што цяпер робіць жонка мая, Тэрэса Панса, і чым яна занятая.

Маэсе Педро пляснуў два разы правай рукой па левым плячы. Малпа разам скокнула туды і, наблізіўшы рот да вуха свайго пана, пачала шпарка ляскаць зубамі, а потым адным скачком апынулася на зямлі. Адразу-ж з вялікай паспешнасцю маэсе Педро кінуўся на калені перад Дон-Кіхотам і абняў яго ногі, усклікнуўшы:

— О, славуты ўваскрасальнік нізрынутага ў небыццё вандроўнага рыцарства, ніколі дастаткова не ўсхвалёны рыцар Дон-Кіхот Ламанчскі!

Дон-Кіхот, Санчо і стрыечны брат былі вельмі здзіўлены, чалавек з аслінай вёскі ашаломлены, гаспадар двара замяшаны, пачуўшы словы гаспадара тэатра, які казаў далей:

— А ты, о, добры Санчо Панса, лепшы зброеносец лепшага на свеце рыцара, радуйся, бо добрая твая жонка Тэрэса здаровая. Якраз цяпер яна расчосвае цэлы фунт лёну, а поплеч з ёю стаіць гладыш з паламанымі берагамі. У ім дастатковая колькасць віна, якім яна забаўляецца ў час работы.

— Гэтаму я ахвотна веру, — адказаў Санчо, — бо яна ў мяне самая сумленная жанчына і ў кожным выпадку з тых, хто ні ў чым сабе не адмаўляюць, хаця-б і ў страту сваім наследнікам.

— Хто многа вандруе, — заявіў Дон-Кіхот, — той многа ведае. Хто-б мог калі-небудзь упэўніць мяне, што на свеце ёсць малпы, якія адгадваюць? Я-ж сапраўды той самы Дон- Кіхот Ламанчскі, пра якога гаварыла гэтая добрая жывёла. Хаця яна занадта ўжо хваліла мяне.

Тады маэсе Педро, які ўжо не стаяў больш на каленях перад Дон-Кіхотам, сказаў:

— Каб дагадзіць сен’ёру Дон-Кіхоту і каб даць яму