Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/373

Гэта старонка не была вычытаная

што адбывалася тут, здавалася мне сапраўдным, Мелісендра была для мяне жывой Мелісендрай, Гаіферос — жывым Гаіферосам. З гэтай прычыны я так і разгарэўся гневам. Калі-ж усё здарылася наадварот, віна не мая, а тых, хто мяне праследуе. Тым не менш за гэтую сваю памылку я прысуджваю сябе сам да выплаты ўсіх страт. Няхай-жа маэсе Педро паглядзіць, колькі ён хоча атрымаць з мяне за знішчаных марыянетак.

Маэсе Педро пакланіўся яму, кажучы:

— Я не чакаў меншага ад нечувана харобрага Дон-Кіхота Ламанчскага. Сен’ёр гаспадар заезджага двара, а таксама і вялікі Санчо будуць панятымі і пасярэднікамі між вашай міласцю і мною адносна таго, што каштуюць паламаныя марыянеткі.

Гаспадар і Санчо згадзіліся быць панятымі, і маэсе Педро, пералічваючы ўсе паламаныя і пакамечаныя марыянеткі, назначаў за кожную з іх цану, а пасярэднікі-суддзі змяншалі яе крыху, так што абодва бакі асталіся зусім здаволенымі. Агульная сума дасягнула сарака і трох чвэртак рэала. Грошы гэтыя Санчо адразу-ж заплаціў маэсе Педро, але той папрасіў яшчэ два рэалы за работу па адшуканню сваёй малпы.

— Дай яму гэтыя два рэалы, — сказаў Дон-Кіхот, — калі не на тое, каб злавіць малпу, дык на тое, каб выпіць за яе здароўе.

Адным словам, навальніца з лялечным тэатрам мінула. Усе дружна павячэралі за кошт Дон-Кіхота, які быў у вышэйшай ступені шчодры. Досвіта выехаў з заезджага двара чалавек, які вёз коп’і і алебарды, а таксама і стрыечны брат. Маэсе Педро, не развітваючыся з Дон-Кіхотам, якога ён добра ведаў, падняўся яшчэ да ўсходу сонца і, узяўшы з сабою рэшткі свайго тэатра і малпу, накіраваўся шукаць сваіх прыгод.

Сам Дон-Кіхот разам з Санчо, развітаўшыся з гаспадаром, каля васьмі гадзін раніцы таксама накіраваўся ў дарогу, дзе мы іх на час пакінем, каб расказаць аб іншых рэчах, патрэбных для тлумачэння славутай гэтай гісторыі.