лася яшчэ досыць многа часу. Ён ехаў цэлых два дні, не сустрэўшы нічога цікавага. На трэці дзень, уз’язджаючы на гару, ён пачуў гучны гул бубнаў, труб і стрэлы з агнястрэльнай зброі. Падняўшыся на вяршыню, рыцар убачыў унізе чалавек дзвесце, узброеных коп’ямі, самастрэламі, алебардамі, некалькімі стрэльбамі і круглымі шчытамі.
Рыцар спусціўся з гары, наблізіўся да атрада і выразна ўбачыў сцягі. На адным з іх вельмі па-мастацку і надзвычайна падобна быў намалёваны асёл, маленькі сардынскі асёл, з адкрытым ротам і высунутым языком.
Па гэтай адзнацы Дон-Кіхот здагадаўся, што гэтыя людзі — жыхары славутай вёскі аслінага рэву. Ён так і сказаў Санчо і пад’ехаў да іх, не гледзячы на нездавальненне свайго зброеносца, якому ніколі не падабалася ўмешвацца ў падобнага роду прыгоды. Атрад прыняў рыцара у сярэдзіну, думаючы, што гэта хто-небудзь з іхніх прыхільнікаў. Падняўшы забрала, Дон-Кіхот з прыгожай позай пад’ехаў да сцяга з аслом. Тут вакол яго сабраліся правадыры арміі, бо іх ахапіла надзвычайнае здзіўленне, якое перажывалі ўсе тыя, хто ўпершыню бачыў яго.
Убачыўшы, з якой увагай яны яго разглядаюць, Дон-Кіхот паспяшаўся выкарыстаць гэтую маўклівасць, і, узвысіўшы голас, сказаў:
— Сен’ёры мае, я — вандроўны рыцар, прафесія мая — зброя, абавязак — памагаць тым, хто мае патрэбу ў помачы, і быць прыхільным да прыгнечаных. Некалькі ўжо дзён таму назад даведаўся я пра ваша няшчасце і аб прычыне, прымушаючай вас на кожным кроку брацца за зброю, каб адпомсціць вашым ворагам. Абмеркаваўшы многа разоў вашу справу, я знаходжу, згодна з законамі дуэлі, што вы памыляецеся, лічачы сябе зняважанымі. Прызнана, што адна асоба не можа зняважыць цэлы горад, з гэтай прычыны няма чаго вам скарыстоўваць помсту. Так што, сен’ёры мае, вашы міласці і па-боскіх і па-чалавечых законах абавязаны заспакоіцца.
Дон-Кіхот спыніўся, каб перадыхнуць. Убачыўшы, што