Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/381

Гэта старонка не была вычытаная

адчуваўся мацней у начной вільгаці. Золкам яны паехалі далей, накіроўваючыся да берагоў славутага Эбро, дзе з імі здарылася тое, што будзе расказана ў наступным раздзеле.


РАЗДЗЕЛ XXVII
Пра славутую прыгоду з зачараванай баркай

Праз два дні пасля выезду з тапалёвага гаю Дон-Кіхот і Санчо даехалі да ракі Эбро. Выгляд яе вельмі задаволіў Дон-Кіхота і аднавіў у яго памяці тысячы любімых мараў. Калі яны ехалі берагам рэчкі, яны ўбачылі невялікую барку без вёслаў і ўсякай іншай снасці, прывязаную ля берагу да ствала дрэва. Дон-Кіхот аглянуўся ва ўсе бакі і, не ўбачыўшы нідзе нікога, саскочыў з Расінантэ і загадаў Санчо злезці з Шэрага і мацней прывязаць абедзве жывёлы разам да ствала якога-небудзь дрэва. Санчо запытаў яго аб прычыне такога раптоўнага прывязвання жывёлы.

— Ты павінен ведаць, Санчо, — адказаў Дон-Кіхот, — што гэтая барка як нельга больш яскрава запрашае мяне сесці ў яе. Гэта зусім, як у рыцарскіх кнігах. Калі які-небудзь рыцар трапляе ў бяду, з якой ён самастойна не можа выйсці, чараўнікі пасылаюць яму на помач другога рыцара на хмары або ў барцы. Так што, Санчо, ты цяпер не сумняваешся, што гэтая барка прыслана сюды для той-жа мэты?

— Калі гэта так, — сказаў Санчо, — і ваша міласць на кожным кроку хоча быць уцягненым у гэтыя вар’яцтвы, дык я павінен падначаліцца. Тым не менш для ачышчэння свайго сумлення я лічу патрэбным папярэдзіць вашу міласць, што гэтая барка не з зачараваных, а належыць якім-небудзь мясцовым рыбакам.

Санчо гаварыў гэта, прывязваючы жывёл і з вялікім болем у душы пакідаючы іх пад апякунствам і абаронай чараўнікоў.

— Жывёлы нашы прывязаны ўжо, — абвясціў ён. — Што-ж нам рабіць?

— Што? — перапытаў Дон-Кіхот. — Зняцца з якара, гэта