Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/388

Гэта старонка не была вычытаная

Яны паспяшаліся падняць Дон-Кіхота, які моцна ўдарыўся ў час падання. Кульгаючы, ён, як мог, падышоў схіліць калені перад іх светласцямі.

Але герцаг сам саскочыў з каня, абняў Дон-Кіхота і сказаў яму:

— Мне вельмі крыўдна, сен’ёр рыцар Сумнага Вобразу, што першыя крокі вашы ў маіх валоданнях аказаліся такімі няўдалымі, але нядбайнасць зброеносца бывае часам прычынай нават горшых выпадковасцей.

— Тая, якая здарылася са мной, — ветліва адказаў Дон-Кіхот, — не можа быць названа няшчаснай, бо яе згладжвае тая чэсць, якую я маю, гледзячы на вас. Мой зброеносец — няхай ён будзе прокляты — лепш умее развязваць язык, як падвязваць сядло. Але ў якім-бы я ні быў выглядзе, я заўсёды гатоў служыць вам і сен’ёры герцагіні, дастойнай уладарцы прыгожасці і сусветнай княгіне ветлівасці.

— Больш асцярожна, мой сен’ёр Дон-Кіхот Ламанчскі! — сказаў герцаг. — Покуль існуе сен’ёра дон’я Дульсінея Табоская, няма месца ўсхвальванню другіх красунь!

У гэты час Санчо ўжо вызваліўся з сваіх пут і, вядома, не мог стрымаць языка на прывязі.

— Нельга адмаўляць, — сказаў ён, — што сен’ёра Дульсінея Табоская вельмі прыгожая; але заяц выскоквае там, дзе менш усяго яго чакаюць, і тое, што завецца прыродай, падобна да ганчара, а хто зрабіў адну гліняную пасудзіну, можа зрабіць і дзве, і тры, і сотню. Кажу гэта з той прычыны, што сен’ёра герцагіня такая-ж прыгожая, як паня мая, сен’ёра Дульсінея Табоская.

Дон-Кіхот звярнуўся да герцагіні, кажучы:

— Ваша высокасць, ні ў аднаго вандроўнага рыцара на свеце не было больш балбатлівага і забаўнага зброеносца, як мой.

На гэта герцагіня адказала:

— Я вельмі высока стаўлю дасціпнасць, бо яна — адна з адзнак розуму.

Пасля гэтага герцаг запрасіў Дон-Кіхота ў свой замак.