Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/389

Гэта старонка не была вычытаная

Санчо паспеў ужо добра падцягнуць сядло ў Расінантэ, на якога Дон-Кіхот адразу-ж узлез. Герцаг сеў на свайго прыгожага каня, а між імі абодвума ехала герцагіня. Усе разам накіраваліся да замка. Герцагіня загадала Санчо ехаць поплеч з ёю, бо яго дасціпнасць давала ёй вялікую пацеху. Санчо не прымусіў сябе прасіць і, умяшаўшыся сярод іх трох, з’явіўся чацвертым у гутарцы. Герцаг і герцагіня былі вельмі рады прыняць у сваім замку такога вандроўнага рыцара і такога дзіўнага зброеносца.


РАЗДЗЕЛ XXIX,
у якім ідзе гутарка пра многія і важныя рэчы

Весялосць Санчо дасягнула вышэйшай ступені, калі ён уяўляў сабе, што знойдзе ў замку тое, што знайшоў у дамах дона Дыего і Басіліё.

Раней як яны даехалі да замка, герцаг паехаў наперад і даў сваім слугам загад, як ім абыходзіцца з Дон-Кіхотам. Як толькі рыцар разам з герцагіняй пад’ехалі да варот, адразу-ж выбеглі два лакеі ў даўгой вопратцы з тонкага малінавага атласа. Падхапіўшы на рукі Дон-Кіхота, яны шапнулі яму:

— Няхай ваша высокасць паможа сайсці з каня сен’ёры герцагіні.

Дон-Кіхот так і хацеў зрабіць, але герцагіня не захацела даць сябе зняць з каня інакш, як толькі з дапамогаю герцага, кажучы, што не лічыць сябе дастойнай турбаваць такога славутага рыцара бескарысным цяжарам.

Калі яны ўвайшлі на вялікі двор, з’явіліся дзве прыгожыя дзяўчыны і накінулі на плечы Дон-Кіхота даўгую мантыю з тонкага чырвонага сукна.

Потым з’явіліся герцагскія служкі і служанкі, якія гучна ўскліквалі: „Калі ласка, просім, гонар і слава вандроўных рыцараў!“

Усе яны абпырсквалі з флакончыкаў пахучай вадой Дон-Кіхота і герцага з герцагіняй.