Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/397

Гэта старонка не была вычытаная

дагнаць. Атрымаўшы ўдар палкай будзе пакрыўджаным, але не абражаным, бо абразу неабходна падтрымаць. Я не магу лічыць сябе абражаным, бо той, хто не можа быць абражаным, тым менш можа абразіць.

Нарэшце Дон-Кіхот заспакоіўся, абед скончыўся, і калі знялі абрус, у сталовую ўвайшлі дзяўчаты, якія падалі ўсім прысутным тазы для мыцця рук.

— Я-б не адмовіўся памыць сабе і бараду, — заявіў Санчо.

— Ну, што-ж, — адказала герцагіня, — жаданне ваша лёгка выканаць.

Герцагіня загадала дварэцкаму выканаць жаданне Санчо. Дварэцкі адразу-ж пайшоў разам з Санчо, а герцаг, герцагіня і Дон-Кіхот асталіся сядзець за сталом, гутарачы пра многія і розныя рэчы, маючыя, аднак, адносіны да вайсковай справы і да вандроўнага рыцарства. Герцагіня звярнулася да Дон-Кіхота з просьбай апісаць прыгожасць і выгляд Дульсінеі Табоскай, якая, безумоўна, павінна быць самым прыгожым стварэннем на ўсёй зямлі і нават ва ўсёй Ламанчы. Дон-Кіхот глыбока ўздыхнуў і сказаў:

— Каб я мог вынуць сваё сэрца і палажыць яго на блюда, ваша светласць убачыла-б там вобраз сен’ёры Дульсінеі. Але як магу я адважыцца намаляваць красу непараўнальнай Дульсінеі? Гэта цяжар, які патрабуе іншых плеч, як мае, — справа, заняцца якой належала-б лепшым мастакам і прамоўцам свету!

— Тым не менш, — сказаў герцаг, — сен’ёр Дон-Кіхот зрабіў-бы нам вялікую прыемнасць, калі-б апісаў сен’ёру Дульсінею.

— Я абавязкова гэта зрабіў-бы, — адказаў Дон-Кіхот, — каб нядаўняе няшчасце, якое здарылася з ёю, не згладзіла з маёй памяці вобраз яе. Цяпер я хутчэй гатоў аплакваць яе красу, як апісваць яе, бо зусім нядаўна я знайшоў яе зачараванай і ператворанай з прынцэсы ў сялянку, з красуні ў вырадка, з ангела ў д’ябла.

— Не можа быць! — усклікнуў тут герцаг. — Хто-ж зрабіў столькі зла свету?