ворам, а менавіта: рыцар гэты павінен мне абяцаць, што ён паедзе ў горад Табосо і ад майго імя прадставіцца непараўнальнай дон’і Дульсінеі, каб яна магла рабіць з ім, што ёй захочацца.
Спалоханыя, глыбока засмучоныя сен’ёры, не ўваходзячы ў разгляд таго, што патрабаваў ад іх Дон-Кіхот, не пытаючыся, хто такая сен’ёра Дульсінея, абяцалі, што іхні зброеносец выканае ў дакладнасці ўсё, што ён загадае яму.
— Верачы вашаму слову, — адказаў Дон-Кіхот, — я не зраблю яму больш нічога, хоць ён гэтага зусім заслугоўвае.
Дасціпныя гутаркі, якія вялі Дон-Кіхот і яго зброеносец Санчо Панса
Між тым Санчо Панса, убачыўшы, што бойка скончана і што пан яго збіраецца ўзлезці на Расінантэ, падбег падтрымаць яму стрэмя і адразу-ж кінуўся перад ім на калені, схапіў яго руку і пацалаваў яе, кажучы:
— Сен’ёр мой Дон-Кіхот, няхай ваша міласць дасць мне пад кіраўніцтва востраў, заваёваны вамі ў гэтай страшэннай бойцы, бо, якім-бы ён ні быў вялікім, я адчуваю ў сабе сілу кіраваць ім так-жа добра, як і кожны другі кіраўнічы астравамі на свеце.
На гэта Дон-Кіхот адказаў:
— Заўваж, брат Санчо, што гэта прыгода і ёй падобныя не прыводзяць да заваёвы астравоў. Гэта — прыгоды на перакрыжаванні, якімі набываюць толькі пралом галавы або страту вуха. Але калі будзе ў цябе цяралівасць, здарацца і такога сорту прыгоды, дзякуючы якім я не толькі змагу зрабіць цябе губернатарам, але і больш таго.
Санчо старанна падзякаваў яму і, пацалаваўшы яшчэ раз руку і край кальчугі, памог яму ўзлезці на Расінантэ, пасля чаго сам сеў на свайго асла і паехаў услед за панам, які шпарка завярнуўся ў бліжэйшы лясок. Санчо ехаў за ім з усіх капыт свайго асла, але Расінантэ бег вельмі шпарка,