Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/402

Гэта старонка не была вычытаная

і дуэн’і герцагіні акружылі яго ў глыбокай маўклівасці, рыхтуючыся ўважліва слухаць тое, што ён скажа. Першай загаварыла герцагіня.

— Я-б хацела, каб сен’ёр губернатар растлумачыў мне некаторыя сумненні адносна ўжо надрукаванай гісторыі пра сен’ёра Дон-Кіхота. Адно з гэтых сумненняў наступнае: калі добры Санчо зусім не бачыў сен’ёры Дульсінеі Табоскай, не перадаваў ёй ліста сен’ёра Дон-Кіхота, як-жа ён адважыўся выдумаць адказ яе і тое, што ён нібыта заспеў яе за прасейваннем пшаніцы. Усё гэта толькі кпіны і хлусня, якая зневажае добрае імя непараўнальнай Дульсінеі і не адпавядае пасадзе і адданасці добрых зброеносцаў.

Не кажучы ні слова, Санчо падняўся з крэсла і, ціханька прылажыўшы палец да губ, сказаў:

— Сен’ёра мая, калі ніхто не чуе нас, апрача тут прысутных, дык перш за ўсё скажу, што лічу майго пана Дон-Кіхота як ёсць сапраўдным вар’ятам, хаця ён часам і гаворыць разумныя рэчы. З гэтай прычыны я і адважваюся ўпэўніваць яго ў розных небыліцах, накшталт адказа Дульсінеі на яго ліст і таго, што здарылася шэсць або восем дзён назад, а менавіта: зачараванне сен’ёры Дульсінеі.

Герцагіня прасіла яго расказаць пра гэта зачараванне, і Санчо паведаміў як яно здарылася, што вельмі спадабалася яго слухачам. Працягваючы гутарку, герцагіня сказала:

— Тое, што добры Санчо расказаў мне, абудзіла ў маёй душы яшчэ адно сумненне: калі Дон-Кіхот Ламанчскі вар’ят, а Санчо Панса ўсё гэта ведае і тым не менш служыць яму, дык ён павінен быць яшчэ большым вар’ятам і бязглуздым, як яго пан. А калі гэта так, дык як-жа той, хто не ўмее кіраваць сабой, зможа кіраваць другімі?

— Сапраўды, сен’ёра, — сказаў Санчо Панса, — гэтае сумненне з'явілася ў вас зусім правільна. Каб я быў разумным, я даўно кінуў-бы майго пана. Але гэта мой лёс, і ў гэтым маё няшчасце. Я не магу інакш, я павінен ісці за ім. Мы з аднаго мястэчка, я еў яго хлеб, я яго люблю; нас можа разлучыць толькі смерць. Калі-ж ваша высокасць не хоча,