Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/405

Гэта старонка не была вычытаная

хаця-б на адзін момант, ні ён, ні я — мы не варты гэтага. Хаця мой пан і гаварыць, што ў справах ветлівасці лепш здаць картай больш, як картай менш, але ў ветлівасці да жывёлы і аслоў трэба трымаць вагу і ведаць меру.

— Няхай Санчо, — сказала герцагіня, — бярэ з сабой свайго асла на губернатарства. Ён можа там даглядаць за ім, як яму захочацца, і нават можа вызваліць яго ад работы.

— Не думайце, міласць ваша, сен’ёра герцагіня, што вы сказалі нешта небывалае, — адказаў Санчо, — бо я не раз ужо бачыў аслоў, якія ідуць на губернатарства.

Словы Санчо рассмяшылі і пазабавілі герцагіню. Паслаўшы яго адпачываць, яна прышла да герцага даць яму справаздачу пра тое, што адбылося ў яе з Санчо. Тут яны ўдвух умовіліся і склалі план зрабіць з Дон-Кіхотам жарт. Яны выдумалі некалькі жартаў, такіх удалых і дасціпных, што яны з’яўляюцца лепшымі з прыгод, якія апісваюцца ў вялікай гэтай гісторыі.


РАЗДЗЕЛ XXXII,
дзе гаворыцца, якім чынам зняць зачараванне з непараўнальнай Дульсінеі Табоскай, што і складае адну з найбольш славутых прыгод у гэтай кнізе

Герцаг і герцагіня выкарысталі тое, што Дон-Кіхот расказаў ім аб пячоры Мантэсінос, каб падрыхтаваць яму вельмі цікавую прыгоду. Больш за ўсё здзіўляў герцагіню Санчо, які паверыў у зачараванне Дульсінеі Табоскай, хаця сам ён быў і чараўнік і ашуканец у гэтай справе.

Даўшы распараджэнне слугам, герцаг і герцагіня ўзялі з сабой рыцара на вялікае паляванне разам з многімі паляўнічымі. Дон-Кіхоту і Санчо далі паляўнічыя гарнітуры з тонкага зялёнага сукна, але рыцар не захацеў надзець яго, а Санчо, наадварот, узяў тое, што яму далі, з намерам прадаць пры першым зручным выпадку. Калі прызначаная гадзіна прышла, Дон-Кіхот надзеў сваё ўзбраенне, а Санчо — новы гарнітур і, сеўшы вярхом на Шэрага, умяшаўся ў натоўп паляўнічых.