Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/409

Гэта старонка не была вычытаная

— Гэты д’ябал, — заявіў Санчо, — відаць, чалавек сумленны, бо ён клянецца сумленнем. Я цяпер думаю, што нават сярод чарцей таксама сустракаюцца добрыя людзі.

Тут д’ябал, не злазячы з каня і звяртаючыся да Дон-Кіхота, сказаў:

— Да цябе, рыцар Львоў (хацеў-бы я бачыць цябе ў іхніх кіпцюрах!), паслаў мяне няшчасны, але адважны рыцар Мантэсінос, даручыўшы сказаць, каб ты яго чакаў на тым месцы, дзе я цябе знайду. Ён вязе Дульсінею Табоскую і хоча сказаць табе, якім чынам можаш ты зняць з яе чары.

Сказаўшы гэта, ён затрубіў у свой страшэнны рог, павярнуўся і паехаў, не дачакаўшыся ні ад каго адказу. Усе зноў здзівіліся, асабліва Санчо і Дон-Кіхот, які ўсё яшчэ не быў упэўнены, ці сапраўды здарылася з ім што-небудзь у пячоры Мантэсінос. Калі ён быў ахоплены гэтымі развагамі, герцаг запытаў яго:

— Ці думаеце вы, сен’ёр Дон-Кіхот, чакаць Мантэсіноса тут?

— Вядома, — адказаў рыцар.

Між тым ноч зрабілася яшчэ цямнейшай. Пачуўся страшэнны шум, падобны таму, які робіцца грузнымі коламі вялікіх фургонаў, запрэжаных валамі. Потым пачуўся яшчэ больш страшэнны грукат, нібыта ў чатырох канцах лесу адбываліся адначасова чатыры бойкі. Рагі, трубы, флейты, бубны, страляніна з гармат, стрэльбаў, а галоўнае, рэзкі рып фургонаў, — усё гэта, разам узятае, рабіла такі страшэнны шум, што Дон-Кіхот павінен быў сабраць усю сваю мужнасць.

Але мужнасць Санчо не вытрымала, — ён абамлеў і паваліўся на складкі спадніц герцагіні, якая прыкрыла імі яго і паспешна загадала пырснуць яму ў твар вадою. Калі Санчо апамятаўся, калясніца, рыпаючы коламі, пад’ехала да таго месца, дзе былі ўсе ў зборы. Яе везлі чатыры вялікіх валы, пакрытых чорнымі папонамі; на кожным рагу ў іх гарэў вялікі васковы факел. На калясніцы было зроблена высокае