Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/411

Гэта старонка не была вычытаная

тканіну віднеўся чароўны тварык дзяўчыны. Дзякуючы мноству запаленых факелаў, можна было прыкмеціць яе прыгожасць. Поплеч з ёю знаходзілася фігура, апранутая ў росагантэс[1], а галава яе была пакрыта чорнай вуаллю. Калі калясніца гэта спынілася супроць герцага, герцагіні і Дон-Кіхота, гукі флейт, лютняў і арф, якія чуліся з калясніцы, сціхлі. Тады фігура ў даўгой вопратцы раскінула яе і, скінуўшы вуаль, адкрыла твар — як ёсць сапраўднай смерці, худы і да таго страшэнны, што Дон-Кіхот здрыгануўся, Санчо спалохаўся, а герцаг з герцагіняй зрабілі гэст агіды. Калі жывая смерць паднялася і выпрасталася, яна некалькі сонным голасам і павольна загаварыла наступным чынам:

— Я — Мерлін, князь чараўніцтва і магіі ўладар. Я — адданы абаронца тых часоў, калі бліскалі справы адважных, харобрых рыцараў, якіх я любіў і цяпер люблю. Я пачуў горкі плач прыгожай і непараўнальнай Дульсінеі, злосна ператворанай у брыдкую сялянку. Сто тысяч розных кніг прагледзеў я маёй навукі чорнай і да цябе прышоў адкрыць лекі ад тугі той вялікай. О, слава, гонар, бляск, святло ўсіх тых, хто адважна аддае сябе службе зброі! Табе я кажу, о, муж, як належыць нікім яшчэ не ўсхвалёны, Дон-Кіхот, зорка Іспаніі, Ламанчы слава! Зачараванне з прыгожай Дульсінеі зняць можна адным толькі сродкам: няхай твой зброеносец Санчо дасць тры тысячы і трыста сабе ўдараў бізуном, агаліўшы сядалішча сваё, — ды так, каб было яму ад тых удараў вельмі балюча.

— Клянуся, чым хочаце, — усклікнуў тады Санчо, — не толькі тры тысячы ўдараў бізуном, але і тры ўдары не дам сабе, як не ўдарыў-бы сабе і тры разы кінжалам, Чорт вазьмі такі спосаб здымаць чары! Я не ведаю, якія адносіны мае маё сядалішча да зачаравання? Клянуся, калі сен’ёр Мерлін не знойдзе іншага сродку зняць чары з сён’ёры Дульсінеі Табоскай, яна можа легчы ў магілу зачараванай.

  1. Росагантэс — літаральна тое, што валочыцца па падлозе; так называецца вопратка, якую насілі толькі самыя знатныя людзі.