Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/416

Гэта старонка не была вычытаная

адказаў, што пачаў і ў мінулую ноч даў сабе пяць удараў рукой.

— Гэта плясканне, а не бічаванне, — сказала герцагіня. — Мне здаецца, што мудры Мерлін не будзе задаволены вашай спагадлівасцю да сябе. Добраму Санчо трэба набыць які-небудзь бізун з калючкамі або вяровачнымі вузламі, якія далі-б сябе добра адчуць, бо крывёю падмацоўваюць грамату[1]. Вызваленне такой знатнай сен’ёры, як Дульсінея, не можа быць танным. Заўважце таксама, Санчо, што добрыя справы, якія выконваюцца холадна і вяла, нічога не вартыя.

— Дайце мне, ваша светласць, — адказаў Санчо, — які-небудзь бізун або добры кавалак вяроўкі, і я буду біць сябе. Толькі каб не было праз меру балюча, бо хаця я і селянін, але цела маё больш падобна да мяккай ваты, як да жалезнага чарота. Нядобра было-б, каб я сябе знішчаў з-за чужой справы.

— Добра, — сказала герцагіня, — я дам вам заўтра бізун, які акурат падыходзіць да вас і пагадзіцца з вашым далікатным целам, як родны брат.

— Слухайце, сен’ёра душы маёй, — сказаў тады Санчо, — я напісаў ліст маёй жонцы, Тэрэсе Панса, і даю ў ім справаздачу пра ўсё, што здарылася са мной пасля таго, як я пакінуў яе. Ліст у мяне за пазухай. Я хацеў-бы, каб ваша мудрасць прачытала яго, бо мне здаецца, што напісаны ён па-губернатарску.

— Хто склаў вам гэты ліст?

— Хто мог яго скласці, як не я сам, грэшны.

— І вы самі напісалі яго?

— І не думаў: я не ўмею ні чытаць, ні пісаць, хаця магу ставіць свой подпіс.

— Давайце ліст сюды, — сказала герцагіня, — не сумняваюся, што вы выказалі ў ім усе вартасці свайго розуму.

Санчо дастаў з-за пазухі спісаны ліст паперы і перадаў яго герцагіні. Узяўшы яго, яна прачытала наступнае:

  1. Іспанская прыказка.