Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/432

Гэта старонка не была вычытаная

— Сен’ёр, — сказаў Санчо, — ваша міласць непакоіцца з-за глупства. Якім д’яблам перашкаджаю я, калі карыстаюся сваім багаццем? Ніякай другой маёмасці ў мяне няма — адны толькі прыказкі. Якраз цяпер у галаву мне прышлі дзве, якія падыходзяць сюды, як нельга лепш.

— Хацеў-бы я ведаць, — сказаў Дон-Кіхот, — якія гэта прыказкі прышлі табе ў галаву.

— Першая, — сказаў Санчо, — „не кладзі пальца між двума зубамі мудрасці“, а другая: „Ударыцца гладыш аб камень, або камень аб гладыш — будзе дрэнна гладышу“. Усё гэта зусім добрыя прыказкі, бо нікому не варта цягацца з губернатарам. Інакш будзе дрэнна, як таму, хто кладзе палец у рот між двума зубамі мудрасці. Тое самае мае дачыненне і да гладыша. Той, хто бачыць спіцу ў чужым воку, няхай лепш бачыць бервяно ў сваім воку, каб нельга было сказаць: „Мёртвая спалохалася абязглаўленай“; дурны ведае больш у сваім доме, як разумны ў чужым.

— Ну, не, Санчо, — сказаў Дон-Кіхот, — дурны ні ў сваім, ні ў чужым доме нічога не ведае з той прычыны, што на падмурку глупства нельга пабудаваць будынку розуму. Покуль пакінем усё гэта, Санчо, бо, калі ты будзеш дрэнна губернатарстваваць, віна будзе твая, а сорам — мой. А цяпер пойдзем абедаць, бо я думаю, што герцаг і герцагіня ўжо чакаюць нас.


РАЗДЗЕЛ XXXVII
Пра тое, як Санчо Панса паехаў на губернатарства, і пра дзіўную прыгоду Дон-Кіхота з кошкамі і званочкамі

Працягваючы свае жарты з Санчо, герцаг і герцагіня ў той-жа вечар паслалі яго з вялікай світай у мястэчка, якое для яго павінна быць востравам. Сядзеў ён вярхом на муле, апрануты ў судзейскую вопратку, а за ім, па загаду герцага, ішоў Шэры з бліскучым уючным сядлом і шаўковай збруяй. Развітваючыся з герцагам і герцегіняй, ён пацалаваў у іх рукі і атрымаў блаславенне ў свайго пана. Толькі