Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/433

Гэта старонка не была вычытаная

Санчо паехаў, як Дон-Кіхот адчуў сваю адзіноту, і яму зрабілася вельмі сумна.

Павячэраўшы, Дон-Кіхот пайшоў да сябе ў пакой адзін, не згадзіўшыся, каб хто-небудзь увайшоў прыслугоўваць яму. Ён зачыніў за сабою дзверы і раздзеўся пры святле двух васкавых свечак; здымаючы шкарпэткі, ён з глыбокім жалем знайшоў на адной з іх нямалую дзірку. Нарэшце ён лёг у пасцель сумны і задумлівы з прычыны непапраўнага няшчасця з яго шкарпэткамі. Ён пагасіў свечку, але было горача, і ён не мог заснуць. Падняўшыся з пасцелі, Дон-Кіхот адчыніў крыху зарашочанае акно, выходзіўшае ў прыгожы сад. Адчыняючы яго, ён пачуў, што ў садзе ходзяць людзі і гутараць. Адна дзяўчына сказала:

— Не прасі, Эмерэнсія, каб я пачала спяваць. З той хвіліны, як гэты чужаземец з’явіўся ў замак, я магу толькі плакаць. Апрача таго я баюся сваім спевам разбудзіць герцагіню.

— Не бойся, Алтысідора, — адказалі ёй, — бо герцагіня і ўсе ў доме цяпер ужо спяць, выключаючы толькі ўладара твайго сэрца. Я зараз чула, што ён адчыніў зарашочанае акно сваё: значыць, ён не спіць.

— Не, я баюся, — зноў сказала Алтысідора, — каб мой спеў Не агаліў майго сэрца. Але няхай будзе што будзе: лепш чырвань сораму на твары, як рана ў сэрцы!

Пачуўшы гэта, Дон-Кіхот быў здзіўлены, бо не было сумнення ў тым, што якая-небудзь з дзяўчат герцагіні закахалася ў яго.

Даручыўшы сябе ўсім сэрцам сваім сен’ёры Дульсінеі Табоскай, ён парашыў слухаць музыку і нават чхнуў, каб яны пачулі. Гэта вельмі ўзрадавала дзяўчат, бо яны хацелі, каб іх пачуў Дон-Кіхот.

Наладзіўшы і настроіўшы арфу, Алтысідора запела раманс, у якім, між іншым, быў і такі куплет:

Шукаў ты свае прыгоды, —
Знайшоў ты чужыя пакуты!
Параніў ты сэрца, а лекі
Хворай ты даць не хочаш.