Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/434

Гэта старонка не была вычытаная

Дон-Кіхот праслухаў раманс і, глыбока ўздыхнуўшы, падумаў: „Які я няшчасны вандроўны рыцар: ні адна дзяўчына не можа глянуць на мяне, каб не закахацца. Які горкі лёс непараўнальнай Дульсінеі, якой не хочуць даць спакойна мець асалоду з маёй нечуванай вернасці. Але ўсё-адно: належаць толькі ёй і нікому больш — для гэтага прырода паслала мяне на свет!“

Ён зачыніў акно, і, нездаволены, нібы з ім здарылася якое-небудзь вялікае няшчасце, лёг у ложак. Але думкі, як блохі, не давалі яму ні на хвіліну ні заснуць, ні адпачыць; да гэтага далучыліся яшчэ клопаты пра шкарпэткі, якія адмаўляліся служыць яму. Варочаючыся з боку на бок, ён паспеў толькі троху задрамаць, як прышла раніца. Убачыўшы гэта, Дон-Кіхот жвава апрануўся ў замшавы свой убор і надзеў дарожныя боты, каб схаваць няшчасце са шкарпэткамі.

Потым ён урачыстай і важнай паходкай накіраваўся ў залу, дзе герцаг і герцагіня ўжо чакалі яго. Калі ён праходзіў цераз галерэю, там стаялі Алтысідора і яе сяброўка, знарок чакаючы яго. Як толькі Алтысідора ўбачыла Дон-Кіхота, яна зрабіла выгляд, нібы млее. Яе сяброўка падхапіла яе на рукі і пачала шпарка расшнуроўваць ёй вопратку.

Убачыўшы гэта, Дон-Кіхот падышоў да іх і сказаў:

— Я ўжо ведаю, якая прычына гэтых прыпадкаў.

— А я не ведаю, — адказала сяброўка Алтысідоры, — бо Алтысідора самая здаровая дзяўчына, і я ніколі не чула ад яе ніводнага „ах“. Няхай возьме пагібель усіх вандроўных рыцараў. Ідзіце, сен’ёр Дон-Кіхот, бо бедная дзяўчына не апамятаецца, покуль ваша міласць тут.

— Зрабіце так, сен’ёра, — адказаў на гэта Дон-Кіхот, — каб сёння ўначы мне ў пакой палажылі гітару, і я, наколькі змагу, заспакою гэтую пакрыўджаную дзяўчыну. Шпаркае расчараванне з’яўляецца ў пачатку кахання добра выпрабаваным сродкам!

З гэтымі словамі ён пайшоў, а Алтысідора, адразу апа-