Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/436

Гэта старонка не была вычытаная

лася ў нос зубамі і кіпцюрамі да таго, што Дон-Кіхот ад болю закрычаў на ўсю сілу. Пачуўшы гэта, герцаг і герцагіня здагадаліся, у чым справа, і паспешна кінуліся да яго ў пакой. Адчыніўшы яго, яны ўбачылі, што бедны рыцар з усяе сілы змагаецца з кошкай, якая ўчапілася яму ў твар. Увайшоўшы ў пакой са свечкамі, яны ўбачылі няроўную бойку. Герцаг хацеў разняць іх, але Дон-Кіхот гучным голасам закрычаў:

— Няхай ніхто не адбірае яго ў мяне і няхай дадуць мне біцца кулакамі з гэтым злосным д’яблам і чараўніком! Я сам пакажу яму, хто такі Дон-Кіхот Ламанчскі!

А кошка, не звяртаючы ўвагі на гэтыя пагрозы, гырчэла і чаплялася за яго яшчэ мацней. Нарэшце герцаг адарваў яе і выкінуў за акно, а Дон-Кіхот астаўся з падрапаным тварам і з не зусім непашкоджаным носам. Ён быў раззлаваны, што яму не далі скончыць бойку, якую ён так няўхільна вёў з гэтым нягоднікам-чараўніком.

Дон-Кіхота адразу-ж палажылі на ложак і пачалі залечваць яму раны, якія зрабіў беднаму рыцару ўвесь гэты кашачы зброд з іхнімі званкамі і чараўніцтвам.

Гэтая дзіўная прыгода каштавала яму пяці дзён ляжання ў ложку, дзе з ім здарылася другая, больш прыемная прыгода. Тут мы яго і пакінем, бо нас кліча вялікі Санчо Панса, жадаючы ўступіць у сваё славутае губернатарства.


РАЗДЗЕЛ XXXVIII
Пра тое, як вялікі Санчо Панса ўступіў у валоданне сваім востравам і якім чынам ён пачаў там губернатарстваваць

Санчо Панса са ўсёй сваёй світай прыехаў у мястэчка з насельніцтвам каля тысячы жыхароў, — адно з самых значных мястэчак, належачых герцагу. Яму паведамілі, што яно завецца востравам Баратарыя. Калі ён пад’ехаў да варот абнесенага сценамі горада, яму насустрач вышаў увесь гарадскі совет, званілі ў званы, і жыхары праявілі ўсеагульную радасць.