Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/437

Гэта старонка не была вычытаная

З некаторымі камічнымі цэрамоніямі перадалі яму ключы горада і прызналі яго нязменным губернатарам вострава Баратарыя. Калі Санчо пасадзілі на судзейскае крэсла, мажардом герцага сказаў яму:

— Сен’ёр губернатар, па старажытнаму звычаю той, хто ўступае ў валоданне славутым гэтым востравам, абавязаны даць адказ на пастаўленае яму запытанне.

У той час, як мажардом гаварыў гэта, у судовую залу ўвайшлі два чалавекі: адзін апрануты селянінам, а другі — краўцом.

Кравец сказаў:

— Сен’ёр губернатар! Я і гэты селянін прышлі да вашай міласці з наступнай прычыны. Гэты добры чалавек учора з’явіўся да мяне ў майстэрню і, даўшы мне кавалак сукна, запытаў, ці хопіць тут матэрыі, каб зрабіць з яе шапку. Памерыўшы сукно, я сказаў, што хопіць. Напэўна ён уявіў, што я хачу ўкрасці ў яго частку сукна, абгрунтоўваючы сваё падазрэнне на ўласнай злосці і на дрэннай думцы наогул аб краўцах. З гэтай прычыны ён сказаў мне, каб я добра паглядзеў, ці хопіць тут сукна на дзве шапкі. Адгадаўшы яго думкі, я адказаў, што хопіць. А ён, скачучы ўсё далей на сваёй праклятай здагадцы, патрабаваў усё болей шапак, і я згаджаўся з ім, покуль мы не дайшлі да пяці шапак. Цяпер ён прышоў па іх. Я хацеў аддаць іх яму, але ён не хоча плаціць за работу і нават патрабуе, каб я заплаціў яму за сукно.

— Ці так усё гэта? — запытаў Санчо ў селяніна.

— Так, сен’ёр, — адказаў ён, — але няхай міласць ваша загадае яму паказаць тыя пяць шапак, якія ён мне пашыў.

— Ахвотна, — сказаў кравец. — І адразу-ж, выняўшы з-пад плашча руку, ён паказаў пяць шапачак, надзетых на канцах пяці яго пальцаў, і сказаў:

— Вось тыя пяць шапак. Клянуся сумленнем маім, што ў мяне не засталося ні кавалачка яго сукна.

Усе прысутныя засмяяліся з такой дзіўнай цяжбы. Санчо крыху падумаў і сказаў: