Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/438

Гэта старонка не была вычытаная

— Такім чынам, вось прысуд мой: кравец траціць плату за работу, а селянін — сукно; шапкі-ж аддаюцца на карысць зняволеных у астрозе і — усёй справе канец.

Гэты прысуд абудзіў усеагульны смех, але загад губернатара быў прыведзены ў выкананне. Потым на суд да яго з’явіліся два старыя. Адзін трымаў у руках палку, а другі, не маючы нічога, сказаў:

— Сен’ёр, гэтаму добраму чалавеку я пазычыў многа часу назад дзесяць чырвонцаў золата з умовай, каб ён вярнуў мне грошы, калі я іх папрашу ў яго. Я не прасіў іх, але з той прычыны, што сам ён ніколькі не клапаціўся пра зварот даўга, я напамінаў яму пра яго некалькі разоў. Аднак ён не толькі не варочае мне грошай, але нават адмаўляецца ад свайго даўга і гаворыць, што ён ужо вярнуў мне іх. У мяне няма сведкаў таго, што я даваў яму грошы. Калі ён прысягае, што вярнуў іх мне, я гатовы дараваць яму доўг.

— Што вы адкажаце на гэта, стары з палкай? — запытаў Санчо.

— Я прызнаю, сен’ёр, — сказаў стары, — што ён пазычыў мне грошы, але раз ён патрабуе мае прысягі, я гатоў прысягнуць што сапраўды вярнуў яму яго грошы.

Стары з палкай перадаў яе другому старому, каб ён яе патрымаў, покуль ён прысягае, нібы яна яму перашкаджала. Потым ён прысягнуў у тым, што сапраўды вярнуў тые дзесяць чырвонцаў, якія цяпер у яго патрабуюць. Пачуўшы гэта, вялікі губернатар запытаў першага старога, што скажа ён на словы свайго праціўніка. Той адказаў, што, напэўна, даўжнік яго сказаў праўду, бо ён лічыць яго сумленным чалавекам. З гэтага часу ён ужо ніколі нічога не будзе з яго патрабаваць. Даўжнік узяў у пазыкадаўца сваю палку і вышаў з апушчанай галавой з суда. Санчо, убачыўшы ўсё гэта, задумаўся і праз некаторы час загадаў вярнуць старога з палкай. Яго вярнулі, а Санчо, убачыўшы яго, папрасіў даць яму палку, якую ён адразу-ж аддаў другому старому, сказаўшы: