Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/439

Гэта старонка не была вычытаная

— Ідзіце сабе з мірам. Цяпер вы атрымалі свае грошы.

— Атрымаў, сен’ёр, — запытаў стары, — але хіба гэта чаротавая палка каштуе дзесяць чырвонцаў?

— Так, — сказаў губернатар, — або я — самы вялікі дурань на свеце!

І ён загадаў тут-жа перад усімі пераламаць палку. Калі гэта зрабілі, унутры яе знайшлі дзесяць чырвонцаў золата.

Усе былі вельмі здзіўлены і палічылі свайго губернатара за новага Саламона. У яго запыталі, як ён даведаўся, што ў гэтай палцы схаваны дзесяць чырвонцаў. Ён адказаў, што стары перад прысягай аддаў свайму праціўніку палку, а потым прысягнуў, што ён сапраўды аддаў яму свой доўг. Тады і прышло Санчо ў галаву, што, напэўна, у палцы знаходзяцца грошы. Апрача таго, Санчо аднойчы чуў, як вясковы поп апавядаў пра падобны-ж выпадак, а ў яго такая добрая памяць, што, калі-б ён не забываў усяго таго, што хацеў-бы помніць, лепшай памяці не знайсці на ўсім востраве.

З суда Санчо павялі ў раскошны палац, дзе ў вялікай зале быў накрыты вельмі пекны стол. Толькі Санчо ўвайшоў у залу, як зайгралі габоі, і да яго падышлі чатыры пажы, каб падаць яму памыць рукі. Музыка сціхла, і Санчо сеў на канец стала, бо не было другога крэсла, а на ўсім стале не было другога прыбора. Поплеч з Санчо стаяў нейкі чалавек, які аказаўся потым доктарам. У руках у яго быў маленькі жэзл з кітавага вуса. Знялі дарагі белы абрус, якім былі накрыты фрукты і безліч блюдаў з рознай ежай, стаяўшай на стале. Паж надзеў на Санчо вышыты кружавамі нагруднік, другі паж падаў яму блюда з фруктамі. Але толькі Санчо праглынуў кавалак, як доктар з жэзлам датыкнуўся ім да блюда, якое адразу-ж аднеслі. Другога блюда Санчо нават не далі пакаштаваць, бо раней, як ён паспеў датыкнуцца да яго, маленькі жэзл ужо датыкнуўся да блюда, і яго прыбралі з той-жа паспешнасцю, як і блюда з фруктамі.

Убачыўшы гэта, Санчо здзівіўся і, глянуўшы на ўсіх пры-