Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/442

Гэта старонка не была вычытаная

будуць прапанаваць. Я прыду да вас на помач, калі вы трапіце ў цяжкое становішча. Усё рабіце так, як гэта можна чакаць ад вашага розуму.

Ваш сябра герцаг“.

Санчо быў здзіўлены, і прысутныя таксама выказалі сваё здзіўленне. Але губернатар звярнуўся да мажардома з наступнымі словамі:

— Цяпер трэба безадкладна пасадзіць у астрог доктара Рэсіё, бо гэта ён мае на ўвазе забіць мяне самым пакутлівым спосабам — галоднай смерцю.

— Мне здаецца, — сказаў паж, — што вашай міласці ўсё-ж не варта было-б нічога есці з усяго, што настаўлена тут на стале.

— Не адмаўляю гэтага, — адказаў Санчо. — Няхай мне дадуць кавалак хлеба і фунты чатыры вінаграду, бо ў ім не можа быць атруты. Я не маю сілы цярпець больш голад. Калі вам трэба падрыхтавацца да боек, дык варта добра падмацаваць сябе ежай. Вы, сакратар, адкажыце герцагу, што ўсё, што ён загадвае, будзе дакладна выканана. Напішы яшчэ ад майго імя, што я цалую руку сен’ёры герцагіні і рукі майго пана сен’ёра Дон-Кіхота Ламанчскага. Як добры сакратар, вы можаце дадаць яшчэ ад сябе ўсё тое, што захочаце і што будзе здавацца вам дарэчы. А цяпер няхай прыбяруць гэтыя абрусы і дадуць мне паесці, а я ўжо спраўлюся са ўсімі шпіёнамі, забойцамі і чараўнікамі, колькі-б іх ні напала на мяне і на мой востраў.

У гэты час у пакой увайшоў паж і сказаў:

— Прышоў селянін, які хоча пагутарыць з вашай сен’ёрыяй аб справе вельмі важнай, як ён упэўнівае.

— Што за дзіўныя людзі, — здзівіўся Санчо, — усе гэтыя прасіцелі?! Хіба можна, каб яны былі такімі дурнымі і не маглі разумець, што ў такія гадзіны, як цяпер, не час займацца справамі? Ну, усё-адно, няхай ён увойдзе. Толькі даведайцеся спачатку, ці не са шпіёнаў ён і ці не з забойцаў маіх?