— Я хацеў-бы, сен’ёр, — адказаў селянін, — каб ваша міласць дала мне рэкамендавальны ліст да бацькі маёй нявесткі, просячы яго, каб ён згадзіўся і каб гэтае вяселле адбылося. Мы-ж з ім роўныя і па дарах лёсу і па дарах прыроды, бо мой сын хварэе на падучую, і не праходзіць дня, каб тры або чатыры разы не мучылі яго прыпадкі.
— Ці не хочаце вы яшчэ чаго-небудзь, добры чалавек? — запытаў Санчо.
— Я хацеў-бы яшчэ аднаго, толькі не адважваюся сказаць. Але так і быць, сен’ёр: я хацеў-бы, каб ваша міласць дала мне трыста або шэсцьсот чырвонцаў у дапамогу да пасагу майму бакалаўру.
— Падумайце, ці не хочаце вы яшчэ чаго-небудзь, — сказаў Санчо, — і няхай не стрымліваюць вас выказаць гэта ні баязлівасць, ні сорам.
— Не, больш нічога, — адказаў селянін.
Але не паспеў ён скончыць гэтых слоў, як губернатар падняўся, схапіў абодвума рукамі крэсла, на якім сядзеў, і крыкнуў:
— Клянуся, дон цюхцей, грубы і неабцёсаны, што калі вы зараз-жа не пойдзеце адсюль і не схаваецеся з вачэй маіх, я праламлю вам галаву вось гэтым крэслам! Хітрун, мастак чортаў, ты ў такія гадзіны прыходзіш прасіць у мяне шэсцьсот чырвонцаў! Адкудь я іх вазьму, абібок? Ды калі-б я іх нават меў, навошта я даў-бы іх табе, ашуканец і дурань?! Скажыце мне, пракляты, яшчэ няма і паўтары сутак, як я губернатарствую, а ты ўжо ўяўляеш, што ў мяне ёсць шэсцьсот чырвонцаў!
Паж даў знак селяніну, каб ён пайшоў, і той вышаў з пакоя з апушчанай галавой, баючыся, каб губернатар не ажыццявіў свае пагрозы, бо хітрун вельмі добра сыграў сваю ролю.
Але пакінем Санчо з яго гневам і вернемся да Дон-Кіхота, пакінутага намі з забінтаваным тварам і занятага лячэннем кашачых ран, якія не загаіліся ў яго на працягу васьмі дзён.