Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/446

Гэта старонка не была вычытаная
РАЗДЗЕЛ XXXIX
Пра тое, што адбылося ў Дон-Кіхота з дон’яй Родрыгес, дуэн’яй герцагіні, а таксама і пра іншыя падзеі, заслугоўваючыя быць запісанымі і ўвекавечанымі

Надзвычайна нездаволеным быў цяжка паранены Дон-Кіхот з забінтаваным тварам, адзначаным кіпцюрамі кошкі. Шэсць дзён праляжаў ён, нікому не паказваючыся. Аднойчы ўначы, калі ён ляжаў з адкрытымі вачыма, думаючы пра свае няшчасці, ён пачуў, што дзверы яго пакоя адчыніліся, я падняўся на пасцелі на ўвесь свой рост, з ног да галавы захутаны ў коўдру з жоўтага атласу. На галаве ў яго быў вялікі начны каўпак, твар і вусы забінтаваныя, — твар з-за кашачага драпання, а вусы — каб не растрапаліся і не абвіслі.

У гэтай баявой позе заспела яго ўвайшоўшая ў пакой шаноўная дуэн’я з белай вуаллю, пакрываўшай яе з ног да галавы. У левай руцэ яна трымала запаленую свечку, а правай рукой прыкрывала ад святла свае вочы, і без таго абароненыя вельмі вялікімі акулярамі. Ішла яна ціха, асцярожна перасоўваючы ногі. Дон-Кіхот сачыў за ёю са сваёй вартавой вышкі. Убачыўшы яе, ён падумаў, што якая-небудзь вядзьмарка або чараўніца ідзе рабіць з ім злую справу. Але калі рыцар спалохаўся, убачыўшы гэтую фігуру, дык і фігура была ахоплена жахам, убачыўшы яго.

— Што гэта я бачу? — гучна крыкнула дунэ’я і ад спалоху выпусціла з рук свечку. Апынуўшыся ў цемры, яна павярнулася, каб уцячы, але ад спалоху заблыталася ў спадніцы і павалілася на падлогу.

— Заклінаю цябе, здань, адкрыйся мне, хто ты і што табе ад мяне патрэбна?

Збянтэжаная дуэн’я, пачуўшы, што яе заклінаюць, па свайму спалоху здагадалася пра спалох Дон-Кіхота і адказала ціхім і сумным голасам:

— Сен’ёр Дон-Кіхот, я не здань, я дон’я Родрыгес і прышла да вас за дапамогай. Але пачакайце мяне крыху, міласць ваша, я пайду запалю свечку і вярнуся расказаць пра мае крыўды вам, збавіцелю ад усіх крыўд на свеце.