Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/450

Гэта старонка не была вычытаная

варта падэшвы маёй дачкі. Не ўсё тое золата, што блішчыць, нават мая сен’ёра герцагіня… Але я лепш змоўчу, бо і сцены маюць вушы.

— Што такое з сен’ёрай герцагіняй? Прашу вас, скажыце, сен’ёра, — пачаў прасіць яе Дон-Кіхот.

Але толькі ён сказаў гэтыя словы, як дзверы ў яго пакой з шумам расчыніліся. Нечаканы стук гэты да таго спалохаў дон’ю Родрыгес, што ў яе з рук пала свечка, і ў пакоі зноў зрабілася цёмна, як у воўчай зяпе. Адразу-ж бедная дуэн’я адчула, што дзве рукі схапілі яе так моцна за горла, што яна не магла і пікнуць. У гэты час нехта, не кажучы ні слова, пачаў пантопляй біць яе. Хаця Дон-Кіхот і адчуваў жаласць, але не шавальнуўся на сваім ложку, не ведаючы, што гэта такое, і баючыся, каб і да яго не дайшла чарга гэтай экзекуцыі.

Баязлівасць яго была не без падставы, бо, пакінуўшы пабітую ўшчэнт дуэн’ю, маўклівыя каты падышлі да Дон-Кіхота. Зняўшы з яго коўдру і посцілкі, яны пачалі так моцна і балюча шчыпаць яго, што ён быў прымушаны абараняцца ўдарамі кулакоў.

Усё гэта адбывалася ў дзіўнай маўклівасці. Бойка працягвалася амаль поўгадзіны; потым здані зніклі, а дон’я Родрыгес, аплакваючы сваё няшчасце, вышла з дзвярэй, не сказаўшы ні слова Дон-Кіхоту. Апошні-ж, увесь пашчыпаны, адчуваючы боль ва ўсім целе, замяшаны і задумлівы, астаўся ў сваім пакоі адзін. Мы там яго і пакінем у здагадках даведацца, хто быў той злы чараўнік, які прывёў яго ў такое становішча. Але гэта будзе сказана ў свой час, цяпер-жа Санчо кліча нас да сябе, і мы паспяшаемся да яго.


РАЗДЗЕЛ XL
Пра тое, што здарылася з Санчо Панса ў час абыходу вострава

Мы пакінулі вялікага губернатара, раззлаванага і разгневанага на селяніна, навучанага мажардомам. Але ўсё-такі Санчо адважна трымаўся супроць усіх, не гледзячы на