Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/465

Гэта старонка не была вычытаная

цагіні; хаця гэта мяне вельмі непакоіць але ніколькі не палохае, бо ўрэшце-ж я павінен думаць больш пра свой абавязак, як пра іхняе жаданне. Нарэшце жадаю табе ўсяго найлепшага. Твой сябра.

Дон-Кіхот Ламанчскі“.

Санчо выслухаў ліст з вялікай увагай. Паклікаўшы сакратара, ён зачыніўся з ім у сваім пакоі і парашыў безадкладна адказаць свайму сен’ёру Дон-Кіхоту. Сакратар пад яго дыктоўку напісаў наступнае:

Ліст Санчо Панса да Дон-Кіхота Ламанчскага.

„У мяне столькі спраў і заняткаў, што няма нават часу пачасаць у галаве або абрэзаць ногці, чаму яны ў мяне і вельмі даўгія. З гэтай прычыны, сен’ёр душы маёй, не здзіўляйцеся, што да гэтага часу я не паведаміў вам, добра або дрэнна мне жывецца на маім губернатарстве, дзе я больш цярплю ад голаду, чымся тады, калі мы з вамі ўдвух валацужылі па лясах і пустынных мясцовасцях.

Мой сен’ёр герцаг папярэджваў мяне, што на гэты востраў прышло некалькі шпіёнаў, каб забіць мяне. Да гэтага часу я ніводнага не адкрыў, апрача нейкага доктара, атрымліваючага пенсію, каб заганяць на той свет усіх губернатараў, колькі-б іх сюды ні прыехала. Гэты доктар гаворыць сам пра сябе, што ён не лечыць хваробы, калі яна з’явіцца, а толькі папярэджвае яе, каб яна не з’яўлялася. Лекі, якія ён скарыстоўвае, — дыэта і зноў дыэта, каб чалавек ператварыўся ў скуру і косці, хаця худоба — горшая хвароба, як трасуха. Адным словам, ён душыць мяне голадам, і я паміраю ад прыкрасці. Калі я ехаў на губернатарства, я думаў есці гарачае, піць халоднае і пеставаць цела адпачынкам на галандскіх посцілках і пухавіках, а прыехаў пасціцца, нібы я — пустыннік. Думаю, што ўрэшце чорт возьме мяне.

Да гэтага часу я не атрымліваў ніякіх даходаў, ні пенсіі, ні хабараў, і не магу ўявіць сабе, да чаго ўсё гата павя-