Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/471

Гэта старонка не была вычытаная

Поп, цырульнік, і бакалаўр ніяк не могуць паверыць, што ты — губернатар. Сансон гаворыць, што ён пойдзе шукаць цябе і выб’е з твае галавы губернатарства, а з галавы Дон-Кіхота — яго вар’яцтва. Паслала я крыху жалудоў маёй сен’ёры герцагіні і хацела-б, каб яны былі з золата. Прышлі мне некалькі нітак пэрлаў, калі іх носяць на гэтым востраве. Сёлета ў нас няма алівак і нельга знайсці ні кроплі воцату ва ўсім сяле.

Санчыка пляце на каклюшках кружавы і зарабляе кожны дзень восем мараведысаў, якія і кладзе ў скарбонку для свайго пасагу. Цяпер, калі яна дачка губернатара, ты дасі ёй пасаг і без гэтага.

Фантан на нашым пляцу высах. Чакаю адказу ад цябе і твайго дазволу на маю паездку ў сталіцу. Жыві больш доўгія гады, як я, або столькі-ж, бо я не хацела-б пакінуць цябе на гэтым свеце без сябе.

Твая жонка Тэрэса Панса“.

Лісты выклікалі захапленне, смех і здзіўленне. Потым прыехаў ганец, які прывёз ліст Санчо да Дон-Кіхота. І гэты ліст прачыталі таксама пры ўсіх. Герцагіня пайшла да сябе, каб даведацца ў пажа, што з ім здарылася ў вёсцы Санчо. З ім мы і пакінем яе, каб расказаць канец губернатарства вялікага Санчо Панса, гонара і люстра ўсіх губернатараў на астравах.


РАЗДЗЕЛ XLIV
Аб трывожным канцы і сканчэнні губернатарства Санчо Панса

Калі на сёмы дзень свайго губернатарства Санчо ляжаў у ложку, насыціўшыся не хлебам і віном, а толькі вымаўленнем прысудаў і меркаванняў, ён пачуў такі гучны гул галасоў і звон званоў, што здалося — увесь востраў разбураецца. Санчо сеў на ложак і пачаў уважліва прыслухоўацца, спрабуючы здагадацца, якая магла быць прычына такога вялікага перапалоху. Але да шума галасоў і звону