Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/474

Гэта старонка не была вычытаная

мятаўся і, даведаўшыся, што хутка развіднее, не кажучы ні слова, пачаў апранацца. Потым ён павольна, бо быў пабіты, пайшоў у стайню, куды за ім накіраваліся ўсе быўшыя з ім.

Падышоўшы да свайго асла, ён абняў яго, пацалаваў у лоб і са слязмі на вачах сказаў:

— Ідзі сюды, таварыш і сябра мой, удзельнік маіх пакут і гора! Калі я не меў іншых думак, апрача клопатаў наконт твае збруі ды харчавання твайго маленькага цела, — па-шчасліваму ішлі мае гадзіны, дні і гады. Але з таго часу, як я цябе пакінуў і падняўся на вежу ганарлівасці, у душу маю ўвайшлі тысячы пакут, тысячы трывог і чатыры тысячы турбот.

Кажучы гэта, ён сам сядлаў свайго асла, а ўсе вакол маўчалі. Скончыўшы сядлаць Шэрага, Санчо ледзь узлез на яго і, звярнуўшыся да мажардома, сакратара, доктара Педро Рэсіё і да многіх другіх прысутных, сказаў:

— Дайце мне дарогу, сен’ёры мае, і адпусціце да ранейшай маёй волі, дайце мне вярнуцца да ранейшага майго жыцця, каб я ўваскрос ад гэтай цяперашняй смерці. Я не нарадзіўся ні быць губернатарам, ні абараняць астравы і гарады ад ворагаў, якія-б захацелі напасці на іх. Я лепш умею араць зямлю і падвязваць вінаградныя лозы, чымся выдаваць законы і абараняць астравы. Аставайцеся тут, міласці вашы, і скажыце герцагу, што голым я нарадзіўся і голым застаўся; не маючы ні граша, уступіў я ў губернатарства і без граша выходжу з яго, а цяпер я еду прыкладваць сабе пляйстары, бо я думаю, што ў мяне ўсе рэбры паламаныя, дзякуючы праціўніку, які сёння ўначы хадзіў па мне.

— Сен’ёр губернатар, — сказаў мажардом, — мы вельмі ахвотна далі-б вашай міласці паехаць, хаця нам і будзе сумна страціць вас, бо ваш розум і спосаб дзеяння прымушае нас жадаць вашай прысутнасці. Але кожны губернатар павінен раней, як выехаць з мясцовасці, дзе ён губернатарстваў, даць справаздачу пра сваю дзейнасць.