Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/478

Гэта старонка не была вычытаная

— Заклінаю цябе ўсім, чым магу, скажы мне, хто ты такі; калі ты памёр ужо, я і тады гатоў памагчы табе, чым толькі магу.

— Мяркуючы па вашых словах, — пачулася ў адказ, — вы, напэўна, мой пан Дон-Кіхот Ламанчскі.

— Я Дон-Кіхот, той, які лічыць сваім абавязкам памагаць жывым і мёртвым. Калі ты, мой зброеносец Санчо Панса, памёр, і д’яблы яшчэ не занеслі цябе ў пекла, дык я з свайго боку буду хадайнічаць аб тваім паратунку.

— Клянуся вам, чым хачаце, — адказаў яму глухі голас з падзямелля, — што я — зброеносец ваш Санчо Панса і што я за ўсё сваё жыццё яшчэ ні разу не паміраў. Пакінуўшы маё губернатарства, я сёння ўначы зваліўся ў гэтае падзямелле і астаюся ў ім да гэтага часу разам з Шэрым, які не дасць мне схлусіць.

Здавалася, што асёл зразумеў словы Санчо, бо ў тую-ж хвіліну ён, нібы ў пацвярджэнне, пачаў раўсці з усяе сілы.

— Добры сведка, — сказаў Дон-Кіхот, — я апазнаю гэты рэў і твой голас, добры мой Санчо. Пачакай мяне, я паеду ў замак герцага і прывяду людзей, якія выцягнуць цябе з гэтага падзямелля.

— Едзьце, міласць ваша, — сказаў Санчо, — і варочайцеся хутчэй, бо я не маю сілы быць тут пахаваным жыўцом і паміраю ад страху.

Дон-Кіхот паехаў у замак і хутка вярнуўся адтуль з многімі людзьмі. Яны прынеслі з сабою вяроўкі і ледзь выцягнулі Шэрага і Санчо Панса на паверхню зямлі. Адзін студэнт, убачыўшы гэта, сказаў:

— Такім чынам павінны былі-б пакідаць свае губернатарствы ўсе дрэнныя губернатары.

Пачуўшы гэта, Санчо адказаў:

— Восем або дзесяць дзён назад, злосны брат, уступіў я ў губернатарства вострава. За ўсе гэтыя дні я ні разу не наеўся сытна хлеба; дактары толькі і рабілі, што праследвалі мяне, а праціўнікі паламалі мне косці. Я не меў часу ні хабару браць, ні падаткі збіраць, і няхай ніхто не гаво-