Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/482

Гэта старонка не была вычытаная

Калі герцаг пачуў гэта, ён, ледзь стрымліваючы смех, сказаў:

— Я гатоў паверыць словам харобрага рыцара: мы адкладзем вяселле на два тыдні. Можа пераможаны за гэты час схамянецца і прыме сапраўдны свой выгляд, злосць-жа чараўнікоў не можа працягвацца так доўга.

— Хто-б ні быў, — сказала тут дачка Родрыгес, — той, хто просіць мяне сабе ў жонкі, я ўдзячная яму. Лепш зрабіцца жонкаю лакея, чымся застацца ашуканай рыцарам, хаця, між іншым, той, хто ашукаў мяне, зусім не рыцар.

У выніку парашылі трымаць Тасілоса пад замком, каб пераканацца, чым скончыцца яго ператварэнне. Дон’я Родрыгес і дачка яе засталіся вельмі задаволеныя тым, што справа ва ўсякім выпадку скончыцца вяселлем, але яны памыліліся, як пра гэта чытач даведаецца ніжэй.

Усімі была абвешчана перамога Дон-Кіхота, а ён сам парашыў развітацца з гуллівым жыццём, якое ён вёў у гэтым замку. Ён прасіў дазволу ў герцага і герцагіні паехаць ад іх, і, атрымаўшы згоду, пачаў збірацца ў дарогу.

Герцагіня дала Санчо лісты яго жонкі, над якімі ён праліў слёзы, кажучы:

— Хто-б мог падумаць, што вялікае маё губернатарства скончыцца тым, што я зноў вярнуся да цяжкіх прыгод майго пана Дон-Кіхота Ламанчскага?

Мажардом ад імя герцага непрыкметна даў Санчо невялікі кашалёк з двума сотнямі чырвонцаў. Санчо прасіў перадаць герцагу самую шчырую падзяку за гэты падарунак, які некалькі заспакоіў беднага Санча і ўзнагародзіў яго за пакуты, якія ён выцерпеў за час няшчаснага свайго губернатарства.

Развітаўшыся напярэдадні ўвечары з герцагам і герцагіняй, Дон-Кіхот і Санчо выехалі раніцай у поўным узбраенні з замка і накіраваліся ў далёкае падарожжа па дарозе ў Сарагосу.