Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/486

Гэта старонка не была вычытаная

іх далёка. Санчо ляжаў разбіты, Дон-Кіхот ашаломлены, Шэры пакамечаны і Расінантэ — крыху лепш за яго.

Але нарэшце ўсе падняліся — і Дон-Кіхот з вялікай паспешнасцю, спатыкаючыся і падаючы, пабег за статкам, гучна ўсклікаючы:

— Спыніцеся і пачакайце, зброд разбойнікаў, вас чакае адзін рыцар!

Але пагоншчыкі быкоў не спыніліся і звярнулі так мала ўвагі на яго пагрозы, як на леташнія хмары. Убачыўшы, што яму не дагнаць іх, Дон-Кіхот спыніўся і сеў на дарозе, чакаючы Санчо, Расінантэ і Шэрага. Калі яны падышлі, пан і слуга селі зноў вярхом і моўчкі паехалі далей. Пакрытыя пылам з-за няветлівых паводзін з імі статка быкоў, рыцар і зброеносец ледзь даехалі да чыстай і празрыстай крыніцы, якая трохі асвяжыла іхнія стомленыя целы і душы. Пасля гэтага Санчо выцягнуў свае прадукты і, не чакаючы Дон-Кіхота, пачаў іх знішчаць.

— Еж, сябра Санчо, — сказаў Дон-Кіхот, — падтрымлівай сваё жыццё; яно для цябе мае больш каштоўнасці, як маё для мяне. Я, Санчо, нарадзіўся, каб жыць, паміраючы, а ты — каб памерці, спадзяючыся. Не шанцуе мне ў жыцці: калі я чакаў пальм, трыумфаў і вянкоў, заслужаных маімі геройскімі ўчынкамі, я ўбачыў сябе сёння раніцою растаптаным, пакамечаным і памолатым нагамі брудных жывёл. Гэтая думка канчаткова адбірае ў мяне ўсю ахвоту есці, так што я думаю памерці галоднай смерцю.

— Значыцца, — сказаў Санчо, не пакідаючы шпарка есці, — міласць ваша не ўхваліць прыказкі, якая гаворыць: „Няхай жыццё Марты перажыта, ды памрэ яна сытай“. Ведаеце, сен’ёр, што няма большага вар’яцтва, як упадаць у роспач. З гэтай прычыны пад’ежце і ляжце крыху паспаць на зялёным матрацы гэтай травы, а прачнуўшыся, вы адчуеце некаторую палёгку.

Дон-Кіхот, крыху падумаўшы, згадзіўся з ім і сказаў:

— Калі ты, о, Санчо, хочаш памагцы мне, дык прашу цябе, покуль я буду спаць, адыйдзі крыху адсюль і, ага-