Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/488

Гэта старонка не была вычытаная

— Якраз цяпер ні таго, ні другога ў нас няма, але на наступным тыдні ўсяго гэтага будзе вельмі многа.

— Лягчэй нам ад гэтага цяпер, ці што? — абурыўся Санчо. — Але ў вас, напэўна, вельмі многа яек?

— Клянуся целам, — зноў здзівіўся гаспадар, — госць мой мае самы мілы спакой. Я яму кажу, што ў мяне няма курэй, а ён хоча, каб у мяне былі яйкі.

Тут Санчо страціў цярплівасць і крыкнуў:

— Скажыце мне, нарэшце, што ў вас ёсць, і кінем гэтыя развагі.

— Сен’ёр госць, — сказаў гаспадар двара, — я магу вам прапанаваць толькі пару кароўіх капыт, падобных на цялячыя ногі, або пару цялячых ног, падобных на кароўі капыты.

— З гэтай хвіліны я лічу іх сваімі, — сказаў Санчо, — і няхай ніхто не дакранецца да іх!

Час вячэры прышоў, і Дон-Кіхот пайшоў да сябе ў пакой, куды гаспадар прынёс ім ежу. У гэты час у суседнім пакоі нехта сказаў:

— Міласць ваша, сен’ёр дон Херанімо, покуль нам прынясуць вячэру, прачытайце яшчэ адзін раздзел з другой часткі „Дон-Кіхота Ламанчскага“[1].

Пачуўшы сваё імя, Дон-Кіхот пачаў з пільнай увагай прыслухоўвацца да таго, што гаварылі пра яго.

— Чаму вы, дон Хуан, хочаце, каб мы чыталі гэтую недарэчнасць? — запытаў другі размоўнік, якога звалі Херанімо. — Той, хто прачытаў першую частку сапраўднай гісторыі „Дон-Кіхота Ламанчскага“, не будзе мець здавальнення чытаць другую, фальшывую яе частку.

— Тым не менш, — сказаў дон Хуан, — добра было-б прачытаць яе. Больш за ўсё мне падабаецца ў ёй тое, што тут Дон-Кіхот паказаны пакінуўшым кахаць Дульсінею Табоскую.

  1. Гутарка ідзе пра зманлівую другую частку „Дон-Кіхота“, складзеную Авеланедам.