Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/491

Гэта старонка не была вычытаная

Што мне да таго, сам ён або хто-небудзь другі будзе біць яго, абы толькі ён іх атрымаў, адкуль-бы яны ні ўзяліся!“ З гэтай думкай ён падышоў да Санчо, перад гэтым узяўшы аброць Расінантэ, і пачаў адшпільваць у Санчо падцяжкі. Але толькі ён узяўся за гэта, як Санчо прачнуўся і сказаў:

— Што гэта такое? Хто мяне чапае і здымае падцяжкі?

— Гэта я, — адказаў Дон-Кіхот, — прышоў навярстаць тое, што ты прапусціў, і палягчыць маю трывогу. Дульсінея гіне; ты жывеш без турбот; я паміраю ад жадання; з гэтай прычыны адшпілі падцяжкі па добрай волі, бо мая воля — даць табе ў гэтым ціхім месцы, прынамсі, дзве тысячы ўдараў.

— Ну, не! — сказаў Санчо. — Удары павінны быць зроблены па добрай маёй волі, а цяпер у мяне няма ахвоты біць сябе. Хопіць і таго, што я даю вашай міласці слова лупцаваць сябе, калі мне гэта захочацца.

— У гэтым нельга спадзявацца на адну тваю ласку, Санчо, бо сэрца ў цябе жорсткае, а цела — пешчанае.

Кажучы гэта, ён стараўся зняць з яго порткі. Убачыўшы гэта, Санчо ўскочыў на ногі і, падставіўшы яму нагу, паваліў на зямлю тварам угару. Паставіўшы яму потым правае калена на грудзі, ён трымаў яго рукі сваімі рукамі так, што Дон-Кіхот не мог крануцца.

— Як, здраднік?і — сказаў яму Дон-Кіхот. — Ты паўстаеш супроць свайго пана?

— Не, я толькі памагаю самому сабе, бо я сам сабе сен’ёр! Няхай ваша міласць не прымушае да бічавання цяпер, тады я пушчу вас.

Дон-Кіхот абяцаў яму гэта, пасля чаго Санчо падняўся і адышоў на вялікую адлегласць ад таго месца. Тымчасам ужо развіднела, і абодвух герояў зусім нечакана акружыла каля сарака разбойнікаў, якія загадалі ім стаяць не рухаючыся, пакуль не з’явіцца іхні атаман. Дон-Кіхот быў пешы, конь яго пасвіўся, кап’ё было прыстаўлена да дрэва, — адным словам, ён быў пазбаулены мажлівасці абараняцца.

Разбойнікі кінуліся рабаваць тое, што было на Шэрым, і забралі ўсё, што знайшлі ў торбах і ў дарожным чамадане.