Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/492

Гэта старонка не была вычытаная

Шчасце Санчо, што чырвонцы герцага і тыя, якія ён вёз з сабою з хаты, былі ў яго схаваны ў поясе, надзетым на голае цела. Але тым не менш, гэтыя добрыя людзі знайшлі-б іх, каб у гэты час не пад’ехаў іхні атаман. Ён вельмі здзівіўся, убачыўшы кап’ё, шчыт і самога сумнага Дон-Кіхота ва ўзбраенні. Атаман адразу-ж загадаў спыніць рабаўніцтва і сказаў, звяртаючыся да рыцара:

— Не будзьце такім сумным, добры чалавек, бо вы трапілі ў рукі Роке Гінарта[1], які больш спачувальны, як жорсткі.

— Сум мой не з тае прычыны, — адказаў Дон-Кіхот, — што я трапіў пад уладу табе, о, харобры Роке, а з тае прычыны, што бесклапотнасць мая была такой вялікай, што твае салдаты ўзялі мяне так ганебна ў палон. Каб яны знайшлі мяне вярхом на кані, са шчытам і кап’ём у руках, ім-бы давялося нялёгка, бо я — Дон-Кіхот Ламанчскі, чуткамі аб учынках якога повен увесь свет.

Роке Гінарт адразу-ж зразумеў, што хвароба Дон-Кіхота мае дачыненне больш да вар’яцтва, як да геройства. Ён быў у вышэйшай ступені здаволены, што сустрэў яго, і сказаў:

— Харобры рыцар, не крыўдзьцеся лёсам, які выпаў вам на долю. Можа няўдача ваша ператворыцца ва ўдачу, і вы астанецеся здаволеным сустрэчай са мной.

Дон-Кіхот збіраўся ўжо падзякаваць яго, але ў гэты час прыбег адзін з людзей Роке і сказаў атаману:

— Сен’ёр, недалёка адсюль, па дарозе, якая вядзе ў Барселону, набліжаецца вялікі натоўп людзей.

— Разгледзеў ты, — запытаў Роке, — ці з тых яны, што нас шукаюць, або з тых, якіх мы шукаем?

— Яны з тых, якіх мы шукаем!

— Тады ідзіце ўсе і прывядзіце мне іх сюды адразу-ж, каб ніхто з іх не ўцёк.

Яны зрабілі так, як ім загадалі, а Дон-Кіхот, Санчо і Роке засталіся адны. Тады атаман сказаў Дон-Кіхоту:

  1. Роке Гінарт, сучаснік Сервантэса, атаман разбойнікаў; ён карыстаўся ў свой час вялікай славай, як чалавек велікадушны, спачуваючы, які браў у багатых і даваў бедным.