Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/498

Гэта старонка не была вычытаная

пытаючыся, якая прычына прымусіла іх пачаць такую раптоўную бойку. Рыцар Белага Месяца ў кароткіх словах паўтарыў тое, што ўжо вядома чытачу і што прывяло ў неразуменне дона Марэно. Парашыўшы, што ўсё гэта — выдуманы кімсьці жарт, ён адышоў, кажучы:

— Сен’ёры рыцары, калі няма другога выйсця, як толькі зрабіць гэтае прызнанне або памерці, — пачынайце бойку.

Рыцар Белага Месяца ў ветлівых і прыгожых выразах падзякаваў дона Антоніё за дадзены ім дазвол; тое-ж самае зрабіў і Дон-Кіхот, які, даручыўшы сябе ад усяго сэрца сваёй Дульсінеі, павярнуў Расінантэ, каб ад’ехаць крыху далей.

Праз некаторы час абодва праціўнікі павярнулі сваіх коней і паімчаліся адзін на аднаго. Але конь рыцара Белага Месяца бег шпарчэй, у выніку чаго праціўнік Дон-Кіхота сустрэў яго на двух трэцях адлегласці. Тут ён стукнуўся з ім з такой імклівай сілай, што Дон-Кіхот і Расінантэ паваліліся на зямлю. Зараз-жа рыцар Белага Месяца кінуўся да яго і, прыставіўшы яму кап’ё да забрала, усклікнуў:

— Вы пераможаны, рыцар, і пазбавіцеся жыцця, калі не падначаліцеся ўмовам нашага паядынку.

Дон-Кіхот, увесь пакамечаны і ашаломлены, не падымаючы забрала, сказаў слабым, замагільным голасам:

— Дульсінея Табоская — самая прыгожая жанчына на свеце, а я — самы несумленны рыцар. Мая слабасць не павінна зменшваць гэтую ісціну. Утыркні ў мяне кап’ё сваё, рыцар, і вазьмі жыццё, бо ты ўжо адабраў у мяне чэсць.

— Гэтага я, вядома, не зраблю, — гучна так, каб усе чулі, сказаў рыцар Белага Месяца, — няхай жыве ва ўсёй сваёй недатыкальнасці слава аб прыгожасці сен’ёры Дульсінеі Табоскай! Я зусім здаволюся, калі вялікі Дон Кіхот накіруецца ў сваё мястэчка на год, як мы ўмовіліся перад гэтай бойкай.

Усё гэта дон Антоніё з многімі другімі, быўшымі тут, чуў; чуў ён таксама і адказ Дон-Кіхота: калі ў яго не па-