Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/500

Гэта старонка не была вычытаная

яго сёння, я патрабаваў ад яго, каб ён вярнуўся ў сваё мястэчка і не выязджаў адтуль цэлы год, на працягу якога яго можна вылечыць. З тае прычыны, што ён дакладна захоўвае правілы вандроўнага рыцарства, ён выканае і абавязак, узложаны мною на яго. Вось, сен’ёр усё, што здарылася. Упрашаю вас: не гаварыце Дон-Кіхоту, хто я, каб яму можна было вярнуць розум, які ў яго добры, за выключэннем рыцарскіх яго недарэчнасцей.

— О, сен’ёр, — адказаў на гэта дон Антоніё, — вялікую страту зробіце вы ўсяму свету, калі вернеце развагу самаму дасціпнаму вар’яту, які толькі ёсць на свеце. Я асабіста перакананы, што карысць ад цвярозага розуму Дон-Кіхота не можа быць большай за тое задавальненне, якое даюць яго вар’яцкія выбрыкі, і перакананы, што вам гэта не ўдасца. Тым не менш я буду маўчаць і нічога не скажу Дон-Кіхоту, каб праверыць, ці ўдасца вам вылечыць яго.

Караско развітаўся з ім, загадаў пакласці сваё ўзбраенне на мула і выехаў у той-жа дзень з горада да сябе на радзіму.

Шэсць дзён прабыў пасля гэтага Дон-Кіхот у сваім ложку, будучы ў дрэнным настроі і безупынна думаючы пра няшчаснае сваё паражэнне. Заспакойваючы яго, Санчо сказаў:

— Сен’ёр мой, будзьце бадзёрым, калі можаце: вы-ж не паламалі сабе ніводнага рабра. Наогул, як вы ведаеце, дзе даюць, там і бяруць, і не заўсёды ёсць капчонка, дзе ёсць кручкі для развешвання яе. Вернемся дахаты і адмовімся ад прыгод у краінах і мясцовасцях, невядомых нам. Калі добра прыглядзецца да справы, больш за ўсіх трачу тут я, бо калі ваша міласць адмовіцца зрабіцца каралём, пакідаючы сваю рыцарскую прафесію, дык і мае надзеі зрабіцца графам ператворацца ў дым.

— Маўчы, Санчо, маё-ж зняволенне не будзе працягвацца больш года. Потым я зноў вярнуся да благароднай маёй прафесіі і заваюю для сябе каралеўства, а для цябе — якое-небудзь графства.