Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/502

Узнікла праблема ў вычытцы гэтай старонкі

ныя мае ногі, патрабуючы, каб яны ішлі больш, як ім трэба.

У падобных гутарках прайшло ў іх чатыры дні, і з імі не здарылася нічога такога, што перашкодзіла-б іхняму падарожжу. На пяты дзень, пры ўездзе ў мястэчка, яны ўбачылі ля дзвярэй гасцініцы многа народу.

Калі Дон-Кіхот наблізіўся да іх, адзін селянін гучна сказаў:

— Няхай хто-небудзь з гэтых двух сен’ёраў скажа нам, што рабіць з нашым закладам. Справа ў тым, сен’ёр добры, — сказау селянін, — што адзін тлусты жыхар гэтага мястэчка, які важыць адзінаццаць арабасаў[1], выклікaў нa бeг свайго суседа, які важыць не больш пяці. Умовай было — прабегчы адлегласць у сто крокаў з роўнымі цяжарамі. Калі запыталі у першага, як уроўнаважыць цяжары, ён сказаў, што яго праціўнік павінен палажыць сабе на плечы шэсць арабасаў жалеза. Такім чынам пяць арабасаў вагі хударлявага параўнаюцца з адзінаццаццю — таўсцяка.

— Ну, гэта ўжо не! — сказаў Санчо раней, як Дон-Кіхот паспеў адказаць. — Усяго некалькі дзён назад я перастаў быць губернатарам і суддзёй, з гэтай прычыны менавіта я павінен растлумачыць гэтыя сумненні і выказаць сваю думку ў кожнай спрэчцы.

— Правільна, сябра Санчо, — згадзіўся Дон-Кіхот.

— Атрымаўшы дазвол, Санчо сказаў сялянам, якія натоўпам стаялі вакол яго:

— Браткі, у патрабаванні таўсцяка няма ні розуму, ні справядлівасці. Калі выкліканы мае права выбіраць зброю, нядобра, каб выклікаўшы выбраў для яго зброю, якая пашкодзіць выкліканаму быць пераможцам. Такім чынам, на мой погляд, таўсцяк, выклікаўшы на бег, павінен зняць, зрэзаць, абцясаць або саскабліць шэсць арабасаў мяса са свайго цела, дзе яму захочацца. Давёўшы гэтым спосабам сваю вагу да пяці арабасаў, ён параўнаецца з пяццю арабасамі свайго праціўніка, і тады яны могуць бегчы на роўных умовах.

  1. Іспанская вага — каля 12 кілограмаў.