Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/507

Гэта старонка не была вычытаная

і удзячнасцю; можа здарыцца, што рыцар не закаханы, але каб ён, строга кажучы, быў няўдзячным, гэтага быць не можа. Як відаць, Алтысідора моцна кахала мяне, але ў мяне не было надзеі на багацце, якое я мог-бы прапанаваць ёй, бо багацце вандроўных рыцараў — нібы блукаючыя агні, зданнёвыя і зманлівыя, а мае надзеі я аддаў Дульсінеі, якую ты зневажаеш, забыўшыся караць сваё цела, жадаючы лепш захаваць яго для чарвякоў, чымся для палягчэння лёсу маёй беднай сен’ёры.

— Сен’ёр, — адказаў Санчо, — кажучы па праўдзе, я ніяк не мог пераканаць сябе, што бічаванне маіх ляжак можа мець якія-небудзь адносіны да зняцця чар з сен’ёры Дульсінеі. Гэта ўсё-адно, што сказаць: у вас баліць галава, дык памажце маззю калені. Але як-бы там ні было, я выканаю сваё абяцанне, калі ў мяне будзе ахвота і зручны час для бічавання.

У такіх гутарках яны дайшлі да таго месца, дзе былі збіты быкамі з ног. Успомніўшы пра гэта, Дон Кіхот сказаў Санчо:

— Вось луг, на якім мы сустрэліся з пастухамі. Ведаеш, Санчо, якая думка прышла мне у галаву? Калі табе гэта падабаецца, я хацеў-бы, каб і мы ператварыліся ў пастухоў, хаця-б на той час, які я павінен правесці ў адзіноце. Я куплю некалькі авечак і ўсе іншыя рэчы, неабходныя для прафесіі пастуха. Я назавуся пастухом Кіхотыс, а ты — Пансіно, і мы будзем валацужыць па горах, лясах і лугах, здавольваць сваю смагу з крышталёвых крыніц. Дубы дадуць нам салодкія свае плады, ружы — пах, шырокія лугі — дываны, упрыгожаныя тысячай кветак. Месяц і зоры дадуць нам святло, песні — асалоду, каханне — мары, дзякуючы якім мы зробімся славутымі і бяссмертнымі не толькі ў цяперашні час, але і ў будучыя стагоддзі.

— Я, сен’ёр, такі няшчасны, — сказаў Санчо, — што баюся — ніколі не прыдзе той дзень, калі я ўбачу сябе ў гэтай прафесіі. Я нават не хачу марыць пра гэта, каб не рабіць сабе згрызот, бо сказана: знішчыўшы прычыну, знішчыш і грэх,