Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/509

Гэта старонка не была вычытаная

радыхнуць ад перасычэння. Абавязак-жа добрых зброеносцаў — спачуваць гору сваіх рыцараў і падзяляць іхнія пачуцці, хоць-бы толькі дзеля прыстойнасці. З гэтай прычыны падумай сам, ці не пара табе падняцца і, адышоўшы адсюль некалькі ў бок, з мужным сэрцам і адважнай душой ударыць сябе трыста або чатырыста разоў у лік тых удараў, якія патрэбны, каб зняць чары з Дульсінеі. Я не хачу пaчынаць з табой бойку на кулаках, бо ў цябе рука цяжкая. Затое пасля гэтых удараў мы праспяваем: я — пра маю разлуку, а ты — пра сваю сталасць. Гэтым мы зробім пачатак нашым пастушым заняткам.

— Сен’ёр, — адказаў Санчо, — я не манах, каб падымацца сярод сна і біць сябе. Яшчэ менш здаецца мне зручным і мажлівым пераходзіць адразу ад страшнага болю удараў да музыкі. Не перашкаджайце мне, міласць ваша, спаць і не падганяйце адносна бічавання, бо ў праціўным выпадку я не дакрануся да свайго цела.

— О, закасцянелая душа! О, бязлітасны зброеносец! Дзякуючы мне, ты быў губернатарам і маеш блізкую надзею зрабіцца графам.

— Я гэтага не ведаю, — перапыніў яго Санчо, — а ведаю толькі, што пакуль я сплю, у мяне няма ні страху, ні надзей, ні трывог, ні славы. Сон — харч, які пазбаўляе ад голаду, вада, якая здавальняе смагу, агонь, які сагравае холад, вага, якая ўроўнаважвае пастуха з каралём і прастака з мудрым.

— Ніколі я не чуў, Санчо, каб ты гаварыў так прыгожа, як цяпер.

У гэты час словы Дон-Кіхота спыніў гучны гул, які пачуўся па ўсёй акрузе. Дон-Кіхот адразу-ж ускочыў на ногі і ўзяўся за меч, а Санчо, ахоплены дрыжыкамі ад спалоху, падлез пад Шэрага, загарадзіўшы сябе з бакоў узбраеннем і ўючым сядлом. Шум паступова павялічваўся. Справа ў тым, што некалькі чалавек гналі прадаваць на рынак больш шасцісот свіней, рабіўшых такі вялікі шум сваім рохканнем і чмыханнем, што яны зусім аглушылі Дон Кіхота і Санчо.