Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/510

Гэта старонка не была вычытаная

Вялікі статак урэшце, без ніякай павагі да аўтарытэта Дон-Кіхота і Санчо, перайшоў цераз іх абодвух, разбурыўшы траншэі Санчо і перакуліўшы Дон-Кіхота і Расінантэ. Гурт свіней, іхняе рохканне, шпаркасць, з якой брудныя гэтыя жывёлы з’явіліся, так раззлавалі Санчо, што ён зараз-жа папрасіў у свайго пана меч, маючы намер забіць з поўтузіны гэтых свіней, але Дон-Кіхот сказаў яму:

— Пакінь іх, сябра; знявага гэтая — справядлівая кара для пераможанага вандроўнага рыцара. На такіх заўсёды накідваюцца шакалы, кусае асва і топчуць свінні.

— Напэўна, — сказаў Санчо, — зброеносцаў пераможаных рыцараў павінны кусаць мухі, есці вошы і мучыць голад. Каб зброеносцы былі сынамі рыцараў або іх блізкімі сваякамі, я-б згадзіўся з тым, каб кара за віну рыцара падала на зброеносцаў да чацвертага калена… Між іншым, усё-адно, давайце даспім тое малае, што засталося ад ночы; можа раніцою справы нашы палепшацца.

— Спі, Санчо, бо ты нарадзіўся, каб спаць, а я — для таго, каб быць заўсёды пільным. Да надыходу дня я дам поўную волю маім думкам і апрацую іх у форме вершаў.

— Мне здаецца, — адказаў Санчо, — што думкі, якія прымушаюць складаць вершы, не павінны мець вялікага значэння. Між іншым, няхай міласць ваша складае вершы, колькі ёй захочацца, а я буду спаць, колькі я здолею.

І зараз-жа ён лепш лёг і заснуў моцным сном, а Дон-Кіхот пад музыку сваіх уздыхаў запеў складзены ім самім раманс, які канчаўся такім куплетам:

Што рабіць мне? — Жыццё забівае,
А смерць, гуляючы са мной,
Зноў жыццё мне зварачае
Сваёй бязлітаснай рукой.

Пад акампанімент яго спеву непрыкметна прышоў дзень. Сонца абудзіла Санчо, які, заўважыўшы спусташэнне, зробленае ў яго прадуктах свіннямі, пракляў іх самымі апошнімі словамі. Яны зноў адправіліся ў сваё падарожжа і ў час надыходу вечара ўбачылі, што насустрач ім набліжаецца каля