Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/512

Гэта старонка не была вычытаная

Усё гэта было зроблена у поўнай маўклівасці.

Пасля гэтага на эстраду ўвайшлі з вялікай світай герцаг і герцагіня.

Яны ўрачыста селі на два багата упрыгожаныя крэслы побач з тымі двума асобамі, якія здаваліся каралямі.

Потым нейкі слуга падышоў да Санчо і накінуў на яго вопратку з чорнай кляёнкі, усю размаляваную чырвоным полымем, шапнуўшы яму на вуха, каб ён не раскрываў рота, калі не хоча быць забітым. Санчо, вельмі спалохаўшыся, паглядзеў на сваю вопратку і ўбачыў сябе ахопленым полымем. Але яно не паліла, і з гэтай прычыны ён не звярнуў на гэта ніякай увагі.

У новым сваім уборы Санчо быў такім смешным, што Дон-Кіхот, не гледзячы на свой спалох, не мог стрымацца ад ухмылкі.

У гэты час магільная маўклівасць была парушана наступнымі словамі аднаго з людзей у кароне:

— Я не буду апісваць смерць і прыгожасць непараўнальнай Алтысідоры, скажу толькі, што яе закліканы вярнуць да жыцця вялікі Санчо не менш вялікім учынкам, аб чым сказана ў запаведных кнігах лёсу.

Ледзь сказаў ён гэтыя словы, як яго сусед, падняўшыся з свайго крэсла, сказаў:

— Эй, слухайце вы, слугі гэтага дома, спяшайцеся ўсе адзін за адным сюды і сваімі пальцамі датыкніцеся да твара Санчо дваццаць чатыры разы, ушчыпніце яму дванаццаць разоў рукі і кальніце шэсць разоў булаўкай бакі, бо паратунак Алтысідоры залежыць ад ажыццяўлення гэтай пастановы.

Пачуўшы гэта, Санчо не вытрымаў і, парушыўшы маўчанку, усклікнуў:

— Клянуся ўсім на свеце, я не дазволю датыкнуцца да свойго твара! Чорт вазьмі, якія адносіны мае мацанне рукамі майго твара да ўваскрашэння гэтай дзяўчыны?! Для гэтай капчонкі ў мяне няма кручкоў. Зачароўваюць Дульсінею, а потым б’юць мяне бізуном, каб зняць з яе чары!