Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/515

Гэта старонка не была вычытаная

— Што скажаш ты, Санчо, пра сёнешнюю прыгоду? Бачыш, якая вялікая і магутная сіла халоднай знявагі, бо Алтысідора памерла толькі ад адной суровасці і знявагі, якія я ёй заўсёды выказваў.

— Няхай-бы яна ў добрую гадзіну памерла, — адказаў Санчо. — Абы толькі пакінула мяне у спакоі, бо я за ўсё сваё жыццё не стараўся закахаць яе ў сябе і не адварочваўся ад яе. Не магу сабе ўявіць, якое дачыненне здароўе Алтысідоры можа мець да пакутніцтва Санчо Панса. Разам з гэтым упрашаю вашу міласць: дайце мне спаць і не пытайцеся ў мяне больш ні пра што, калі не хочаце, каб я выкінуўся з акна.

— Cпі, сябра Санчо, — адказаў Дон-Кіхот, — калі толькі табе не перашкаджаюць атрыманыя табою уколы булаўкамі, шчыпкі і аплявухі па шчоках.

— Яшчэ раз упрашаю вашу міласць: дайце мне спаць, бо сон ёсць палёгка гору тых, каму яно перашкаджае спаць.

— Няхай будзе так! — сказаў Дон-Кіхот.

Пасля гэтага абодва яны заснулі. Сон іхні аўтар гэтай вялікай гісторыі выкарыстае для таго, каб даць справаздачу пра ўсе паведамленыя здарэнні.

Справа ў тым, што бакалаўр Караско раней, як выклікаць Дон-Кіхота на дуэль, прыехаў у замак герцага. Даведаўшыся тут, дзе знаходзіцца харобры наш рыцар, ён знайшоў яго і, перамогшы, зноў вярнуўся ў замак. Паведаміўшы герцагу пра вынікі паядынку, а таксама пра тое, дзе знаходзіцца Дон-Кіхот, ён паехаў у сваё сяло. Герцаг-жа знайшоў рыцара і зрабіў з ім жарт, пра які чытач ужо ведае з папярэдняга раздзела.

Не ўсю ноч Дон Кіхот, ахоплены бурнымі сваімі думкамі, праспаў, а як толькі прышла раніца, у пакой яго ўвайшла Алтысідора.

Пры з’яўленні яе Дон-Кіхот засароміўся і, накрыўшыся посцілкамі і коўдрамі, анямеў, не маючы мажлівасці сказаць ёй якую-б там ні было ветлівасць. Алтысідора села на крэсла