Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/522

Гэта старонка не была вычытаная

раннасцю, што ён ужо са многіх дрэў садраў кару. Нарэшце, ударыўшы вельмі моцна па букавым дрэве, ён так застагнаў, што Дон-Кіхот зараз-жа прыбег і спыніў яго, сказаўшы:

— Я не хачу, Санчо, каб ты дзеля маёй асалоды пазбавіўся жыцця, такога неабходнага, каб пракарміць тваю жонку і дзяцей тваіх.

— Калі міласць ваша настойвае, няхай так і будзе. Накіньце мне на плечы ваш плашч, бо ўпершыню тым, хто бічуецца, пагражае небяспека прастудзіцца.

Дон-Кіхот накрыў сваім плашчам Санчо, які праспаў, покуль яго не разбудзіла сонца. Тады яны паехалі далей і спыніліся ля гасцініцы. На гэты раз Дон-Кіхот не лічыў яе замкам напэўна таму, што пасля перамогі ён думаў пра ўсе рэчы з вялікай цвярозасцю. Калі іх пакінулі адных у пакоі, Дон-Кіхот запытаў:

— Скажы мне, Санчо, ці думаеш ты зноў ударыць сябе многа разоў у гэтую ноч і ці хочаш ты, каб гэта адбылося пад страхой, або пад адкрытым небам?

— Я-б аддаў перавагу, — адказаў Санчо, — каб гэта адбылося пад дрэвамі, бо яны нібы таварышы мне і дзіўна памагаюць цярпець маю пакуту.

— Не, не добра, каб ты так пакутваў. Лепш набярыся сілы, і адкладзем гэта да прыезду ў нашу вёску, куды мы прыедзем не пазней паслязаўтрага.

Санчо згадзіўся, але заявіў, што ён, з свайго боку, хацеў-бы скончыць усю справу зараз, покуль млын на-хаду, бо ў павольнасці часта хаваецца небяспека. Апрача таго адно „бяры“ лепш двух „я дам табе“, і верабей у руках лепш сокала на-ляту.

— Хопіць прыказак, Санчо, — пачаў прасіць Дон-Кіхот. — Кажы ясна і проста.

— Як відаць, ужо няшчасце маё такое, што я не ўмею сказаць нічога разумнага без прыказкі, а няма той прыказкі, якая-б не здавалася мне разумнай. Але я выпраўлюся, калі змагу.

На гэтым гутарка іхняя і скончылася.