Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/528

Гэта старонка не была вычытаная

зноў пырскнулі з іхніх вачэй цэлым патокам. Натарыус увайшоў у пакой з астатнімі і, пасля таго, як ён напісаў уступ для запавета, Дон-Кіхот, перайшоўшы да адказаў па запавету, сказаў:

— Воля мая такая, каб у Санчо Панса, якога ў час майго вар’яцтва я ўзяў да сябе ў зброеносцы, не патрабавалі грошай, быўшых у яго на руках, бо між намі была свая рахуба. Калі я, будучы вар’ятам, хацеў даць яму губернатарства вострава, дык цяпер, будучы ў цвярозым розуме, каб я мог, даў-бы яму каралеўства, бо яго прыроднае прастадушша, праўдзівасць і вернасць заслугоўваюць гэтага. І, звярнуўшыся да Санчо, ён сказаў яму:

— Даруй мне, сябра, што я прымусіў цябе здавацца такім-жа вар’ятам, як я, і спакусіў цябе прыгодамі вандроўнага рыцарства!

— Ах, — адказаў Санчо, увесь у слязах, — не памірайце, міласць ваша, а паслухайцеся маёй парады і жывіце многія гады. Самае вялікае вар’яцтва, якое чалавек можа зрабіць у сваім жыцці, гэта дазволіць сабе ні з таго, ні з гэтага памерці, калі ніхто яго не забівае. Слухайце, не будзьце гультаём, устаньце з ложка і пойдзем у поле, апранутыя пастухамі, як мы умовіліся. Можа за якім-небудзь кустом мы знойдзем сен’ёру дон’ю Дульсінею, пазбаўленую ад чараў, прыгожую, як толькі можна хацець!

— Гэта правільна, — сказаў Сансон. — Добры Санчо Панса вельмі правільна гаворыць пра гэтыя рэчы!

— Цішэй, сен’ёры, — сказаў Дон-Кіхот, — бо ў леташніх гнёздах ужо няма птушак сёлетняга года. Я быў вар’ятам, а цяпер я выздаравеў. Няхай-жа маё раскайванне верне мне ранейшую павагу, вашы міласці, і няхай сен’ёр натарыус працягвае.

„Я перадаю маёмасць маю без ніякіх агаворак маёй пляменніцы Антоніі Кіхада, тут прысутнічаючай, перад гэтым вылічыўшы з яе пенсію маёй ахмістрыні, якой я вінен за ўвесь час яе службы ў мяне, і звыш таго дваццаць чырвонцаў