Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/96

Гэта старонка не была вычытаная

думаць, каб мы цяпер узялі наш ланцуг і накіраваліся па дарозе ў Табосо — усё-адно, што патрабаваць ігруш ад вяза.

— У такім выпадку, — усклікнуў Дон-Кіхот (ужо ўспыхнуўшы гневам), — я клянуся, дон Хінесільё дэ-Парапілья, або як вас там завуць, што пойдзеце вы адзін, падціснуўшы хвост між ног і несучы ўвесь ланцуг на сваіх плячах.

Пасамонтэ, які быў не вельмі цярплівага нораву (прытым ён ужо здагадаўся, што Дон-Кіхот не ў нармальным розуме), убачыўшы, што з ім абыходзяцца такім чынам, мігнуў таварышам. Адышоўшы ў бок, яны пачалі кідаць у рыцара каменні, так што ён толькі і рабіў, што спрабаваў накрыць сябе шчытам, а бядак Расінантэ ніколькі не звяртаў увагі на шпоры, быццам ён быў выліты з бронзы. Санчо схаваўся за сваім аслом і такім чынам абараніў сябе ад завірухі і граду каменняў, якія падалі на іх абодвух. Дон-Кіхот не мог накрыцца шчытам настолькі добра, каб некалькі крамнёвых каменняў не трапіла ў яго і з такой сілай, што ён зваліўся на зямлю.

Толькі ён зваліўся, як студэнт кінуўся да яго, зняў з яго галавы таз, ударыў яго ім тры або чатыры разы па плячах і столькі-ж разоў стукнуў тазам аб зямлю так, што ледзь не разбіў яго на кавалкі. Галерныя нявольнікі знялі з рыцара поўкафтан, які быў у яго апрануты на ўзбраенні, і знялі-б з яго і шкарпэткі, калі-б гэтаму не перашкодзілі латы на яго нагах. У Санчо яны адабралі верхнюю вопратку, пакінуўшы яго ў адной сарочцы, і, падзяліўшы між сабою заваяваную ў бойцы здабычу, разбегліся кожны ў свой бок.

Асталіся на полі бойкі толькі асёл і Расінатэ, Санчо і Дон-Кіхот. Асёл — у задуменні, з апушчанай галавой, час ад часу трасучы вушамі, быццам ён думаў, што шквал каменняў над яго галавой яшчэ не заціх; Расінантэ — лежачы ў расцяжку поплеч са сваім панам, бо ўдар каменем паваліў і яго на зямлю; Санчо — у адной сарочцы, дрыжучы ад спалоху; Дон-Кіхот — вельмі разгневаны пры думцы, што з ім так па-здрадніцку абышліся тыя самыя людзі, якім ён зрабіў столькі дабра.