Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/97

Гэта старонка не была вычытаная
РАЗДЗЕЛ XVI
Пра тое, што здарылася са славутым Дон-Кіхотам у Сіера-Марэне[1], — адна з самых дзівосных прыгод, расказаных у праўдзівай гэтай гісторыі

Я заўсёды чуў, Санчо, — сказаў свайму зброеносцу Дон-Кіхот, — што рабіць дабро нягоднікам — усё-адно, што ліць ваду ў мора. Наперад я навучуся быць асцярожным.

— Тое, што ваша міласць навучыцца быць асцярожным, — адказаў Санчо, — так-жа правільна, як і тое, што я турак! Паверце-ж мне хоць цяпер, што святую Эрмандад нельга абдурыць рыцарствам і што яна не дасць і двух мараведысаў за ўсіх вандроўных рыцараў, колькі-б іх ні было. Ці ведаеце, мне ўжо здаецца, што стрэлы яе свісцяць каля маіх вушэй[2].

— Ты па сваёй прыродзе баязлівец, Санчо! Але на гэты раз я паслухаюся тваёй парады і пайду. Зраблю я гэта з адной умовай: каб ты ніколі за ўсё сваё жыццё нікому не сказаў, што я адхіліўся і ўцёк ад гэтай небяспекі са спалоху, а толькі таму, што я здаўся на твае просьбы.

— Сен’ёр, — адказаў Санчо, — адступаць не азначае яшчэ ўцякаць. Хто разумны, той хавае сябе сёння для заўтрашняга дня і не рызыкуе ўсім у адзін дзень. Не шкадуйце, што паслухаліся маёй парады, сядайце на Расінантэ і едзьце за мной.

Дон-Кіхот сеў на каня, Санчо паказваў дарогу на сваім асле, і такім чынам прыехалі яны ў Сіера-Марэну. Санчо меркаваў праехаць яе ўсю, хаваючыся некалькі дзён сярод гэтых скалістых мясцовасцей, каб іх не знайшлі, калі-б святая Эрмандад пачала іх шукаць. Ён яшчэ больш замацаваўся

  1. Так завецца горны ланцуг, аддзяляючы Ламанчу ад Андалузіі. У часы Сервантэса Сіера-Марэна з’яўлялася сховам для ўсіх уцекачоў ад правасуддзя і была любімым месцам для разбойнікаў, зладзеяў і інш.
  2. У старыя часы над забойцамі, захопленымі на месцы злачынства, святая Эрмандад рабіла такую кару: іх прывязвалі жывых на вялікай дарозе да слупа і забівалі стрэламі.