Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/98

Гэта старонка не была вычытаная

ў сваім намеры, калі ўбачыў, што прадукты, якія ён вёз на асле, асталіся цэлымі ў бойцы з галернымі нявольнікамі.

Як толькі Дон-Кіхот апынуўся ў горах, сэрца яго запоўнілася радасцю, бо яму здавалася, што гэтая мясцовасць вельмі спрыяе прыгодам, якіх ён шукаў. Ён успомніў дзівосныя падзеі, якія здараліся з вандроўнымі рыцарамі ў падобных-жа захаваных і дзікіх месцах, і так паглыбіўся ў гэтыя думкі, што нічога другога не бачыў і не чуў. Санчо-ж не меў цяпер іншага клопату (пасля таго, як яны, па яго думцы, дасягнулі зусім бяспечнага месца), апрача клопату задаволіць свой страўнік рэштай здабычы, узятай у свяшчэннаслужыцеляў. Ён ехаў за панам, седзячы на сваім асле па-жаночаму, дастаючы з мяшка прадукты і набіваючы імі пуза сваё. Пакуль ён быў заняты такім чынам, ён не даў-бы мядзянага граша за тое, каб знайсці новую прыгоду. Між тым Санчо, падняўшы вочы, убачыў, што яго пан спыніўся і кап’ём спрабаваў падняць нейкі вузел, які ляжаў на зямлі.

Ён паспяшаўся да рыцара, каб яму памагчы, калі ў гэтым будзе патрэба, і якраз паспеў у тую хвіліну, калі Дон-Кіхот падымаў кап’ём сядзельную падушку з прывязаным да яе ручным чамаданчыкам, абодва напалову згніўшыя. Яны былі такімі цяжкімі, што Санчо прышлося злезці з асла, каб падняць іх. Яго пан загадаў яму паглядзець, што ў чамаданчыку.

Хоць чамаданчык і быў запёрты ланцугом і замком, але скрозь дзіркі і шчыліны ў прагніўшых месцах Санчо ўбачыў, што там знаходзіліся сарочкі з тонкага галандскага палатна і другія палатняныя рэчы, не менш тонкія і чыстыя, а ў хусцінцы ён знайшоў добры грудок залатых манет, і калі ён іх убачыў, ён усклікнуў:

— Няхай будзе блаславена ўсё неба за тое, што яно паслала нам прыгоду, вартую чаго-небудзь!

Пашукаўшы яшчэ ў чамаданчыку, ён знайшоў багата ўпрыгожаную маленькую запісную кніжку, якую Дон-Кіхот узяў у яго, грошы-ж загадаў яму захаваць і ўзяць іх сабе.