Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/99

Гэта старонка не была вычытаная

— Мне здаецца, Санчо, што які-небудзь падарожнік заблудзіўся ў гэтых горах, а разбойнікі напалі на яго, забілі, а потым прынеслі сюды і закапалі ў гэтым глухім месцы.

— Не можа гэтага быць, — адказаў Санчо, — таму што, калі-б гэта былі зладзеі, яны не пакінулі-б тут грошай.

— Ты праўду кажаш, — згадзіўся Дон-Кіхот. — У такім выпадку я не ведаю і не магу адгадаць, што-б гэта магло быць; але пачакай, мы паглядзім, ці не знойдзем у гэтай маленькай кніжачцы якога-небудзь запісу, які мог-бы навесці нас на след.

Ён адкрыў кніжачку, і першым, на што наткнуўся, быў ліст, прачытаўшы які, Дон-Кіхот абвясціў, што пісаў яго, безумоўна, адкінуты палюбоўнік.

Покуль Дон-Кіхот чытаў запісную кніжачку, Санчо капаўся ў чамаданчыку, не пакінуўшы ў ім, а таксама ў сядзельнай падушцы ніводнага кутка, які-б ён не абшукаў і не даследваў.

Рыцар Сумнага Вобразу быў ахоплен моцным жаданнем даведацца, хто такі гаспадар ручнога чамадана, здагадваючыся па лісту, па чырвонцах і па такіх тонкіх сарочках, што гэта, напэўна, закаханы знатнага роду, якога давялі да якога-небудзь страшэннага кроку жорсткасць і знявага яго дамы.

З той прычыны, што ў гэтай пустыннай скалістай мясцовасці не відаць было нікога, хто мог-бы даць яму весткі, Дон-Кіхот думаў цяпер толькі пра адно: як-бы яму хутчэй ехаць далей, што ён і зрабіў, даўшы волю Расінантэ абраць сабе дарогу.

Рыцар увесь час думаў, што сярод гэтай пустыннай мясцовасці ён не можа не сустрэцца з якой-небудзь надзвычайнай прыгодай. Раптам ён убачыў на вяршыні невялікага ўзгорка чалавека, які з незвычайнай лёгкасцю скакаў са скалы на скалу і з хмызняку ў хмызняк. Ён здаўся яму амаль голым, з чорнай густой барадой, даўгімі ўскудлачанымі валасамі, з босымі нагамі. Бёдры яго былі пакрыты панталонамі, як відаць з цёмна-жоўтага мошаста, але гэта былі ўжо адны