Старонка:Досьвіткі (1922).pdf/11

Гэта старонка не была вычытаная

З ГРАМАДЫ: — І раны, калецтвы нашых сыноў.
— І крык звар‘яцелых матак.
— Як былі паднявольнымі, так і астанемся стагнаць пад чужацкім ярмом.

ВУЧЫЦЕЛЬ. Ніколі! Годзі трызьніць! Жыва мова — жывець народ. Беларусь ужо ўваскрэсла. Сярод пажарышчаў, над трупамі замучаных, над стаптанымі нівамі ўсходзе сонца лепшай долі, сонца нашага адраджэньня. Бурная радасьць дрыгаціць у нутры. Неўстрымана рвецца крык з грудзей: Жывець Беларусь! І гэтая праўда найчысьцей, найглыбей у нас захавана. Слухайце, як маё сэрца гвалтоўна б‘ецца ад каханьня да роднага краю. Гляньце, як вочы мае зігацяць адвагай, бо я жадаю вялікіх, слаўных спраў, працы без супачынку, — як чало маё гарыць ад вагністых думак. Я аддаў гэтай зямельцы стаптанай, паглумленай крыўдзіцелямі, прыблудамі, аддаў усё сваё жыцьцё, сваю душу і за гэта яна пагразіла мяне моцай магучай, непакананай. І няма мне перашкод, і няма тых кайданаў, якія змаглі-б скаваць маю волю, акарнаць мае лёгкакрылыя думкі…

МАЛАДЗІЦА. (убегае раненая, збалочаная, абараваная). Ратунку! Збаўленьня! Там… вёску нашу паляць. Там збойствы, зьдзек!.. Трупы, кроў пад нагамі! Дзіцятка маё ў вагонь кінулі. Я ад паняверы чуць выратавалася… паранілі… намучылі… Помсты! Помсты!

З ГРАМАДЫ. — Значыць хутка тут будуць.
— Што рабіць? куды дзецца?
— Прапалі!
— Ох, ох…
— А мо нас як абмінуць?

Чуваць далекія выстралы. Куля разьбівае абраз на сьцяне, які з бразгам валіцца далоў.

— Кладзіцеся! На падлогу! Кладзіцеся!