Старонка:Досьвіткі (1922).pdf/14

Гэта старонка не была вычытаная

Кабеты і дзеці рупна выходзяць. Кожны шукае чым бы бараніца. Усе валтузяцца, крычаць; сярод моладзі жартуюць, сьмяюцца.

— Агата! А ты чаму ня узброешся?
— А яна языком больш наробіць, як ты тапаром.
— Бабы бярыце з сабой маладзіцу — аслабела яна, пабялела, як палатно.
— Стой! Не чапай — гэта таўкач мой, я сабе…
— А я з чым буду?
— Аддай!..
— Ціхаце! Дайце слова сказаць, — тут не да жартаў. Вы, старэйшыя, ідзіце ў Міхасёвыя каноплі, а мы тут іх каля хаты прывітаем ды тады абапал і сашчэпім. Толькі завіхайцеся, бо справа крутая.
— Добра! Добра!
— Хадзем! Хутчэй!
— Гура!
— Складна прыдумаў.
— Павадыром яго, камандзерам зрабіць…
— Жывей там чалдыхайцеся — ідуць, як на прыгон.

Усе выходзяць. Астаецца на ложку хворы. З пад печы вылазіць селянін — баязень.

БАЯЗЕНЬ. Пфу! Нанюхаўся курынай пархвумы.

ХВОРЫ. А ты чаго пад печ залез?

БАЯЗЕНЬ. Я так сабе. Ня думай, што я баюся — гэта нашы. А прылёг я — ведама кулі дурныя!

ХВОРЫ. Ах, ты брыда! Дык гэта твае, што глумяць нашае дабро, гвалцюць нашых дзяцей, топчуць нівы, дык гэта твае? Дык ідзі адгэтуль, да сваіх ідзі… Вон кажу…

БАЯЗЕНЬ. Ой, братка, баюся!.. Хоць бы яшчэ дзянёк пажыць… Чуеш?