Старонка:Досьвіткі (1926).pdf/12

Гэта старонка не была вычытаная

лем, а з гаручымі сьлязьмі, каб ня губіў невінаватых. Плачуць, галосяць, поўзаюць наўкол пана па зямлі, як ракі або чэрві. — „Запалівайце! — крычыць пан, — мае людзі, мой адказ!“ Хацелі ўжо казакі паліць, аж крычыць з гумна адзін: „Мой грэх!“ Выпусьцілі ўсіх, а яго зьвязалі, павязьлі некуды скрозь ноч. Дзейкалі ў нас людзі, што спаліў яго пан у лесе. Можа праўда, можа — не, толькі ўжо ён прапаў недзе навекі, ніколі не вярнуўся. А начальству пан сыпнуў грошы, каб ня слухала людзкіх дзейканьняў і ня шукала чалавека. Сам-жа пан быў і начальнік…

— Каб усім кагалам кінуліся на пана, то не прапаў-бы чалавек сьпіраецца задуманы хлапец.

— Эх, братка ты мой, братка! — ківае галавою дзед: — паглядзім, што-то ўжо будзе з вас, маладых ды бойкіх.

Маўчыць тады, бывала, малады ўнук.


І так цягнуцца доўгія-доўгія зімовыя досьвіткі… Да сьвету яшчэ далёка, і кажа дзед, як загінуў малады Васіль, што кахаў харошую дзяўчынку-немку, і любіў ён маляваць, і як зьвялася па сьмерці дзедавага дзеда багатая пчэльня, і як трасла дзедавага дзядзьку трасца, здаўшыся яму начою ў лесе нямою бабаю…

— Ня ймецца веры, дзедку, у тое, што ты кажаш, — усьміхаецца нарэшце-такі і ўнук. — Трасца ня можа здацца бабаю, бо гэта ёсьць толькі хвароба.